23 лiстапада 2024, Субота, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі афіцэр: Нашы войскі неўзабаве дойдуць да Менска

51
Украінскі афіцэр: Нашы войскі неўзабаве дойдуць да Менска

Лукашэнку напалохала тое, што адбываецца ў Курскай вобласці.

Як ва Украіне рэагуюць на заявы Лукашэнкі аб нападзе ўкраінскіх дронаў і перакідванні войск на мяжу?

Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да маёра запасу Нацгвардыі Украіны, ветэрана расейска-ўкраінскай вайны Аляксея Гецьмана:

- Ведаеце, рэагуюць з усмешкай. Мы выдатна ведаем, што ніякімі дронамі Беларусь не атакавалі. Мы іх выкарыстоўваем для ўдараў па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах, аэрадромах, складах.

Падкрэслю, што пакуль баявых дзеянняў з боку Беларусі не робіцца, то, кіруючыся артыкулам 51 Статута ААН, мы дзейнічаем у межах самаабароны.

Мы маем права атакаваць вайсковыя (або звязаныя з імі) аб'екты на тэрыторыі краіны-агрэсаркі, якой зараз з'яўляецца Расея.

Мы ва ўсім цывілізаваным свеце (за рэдкім выключэннем) карыстаемся падтрымкай. Украіна дзейнічае цалкам у рамках міжнароднага права, а тут пачне нападаць на Беларусь? З чаго? Хочацца сказаць таварышу Лукашэнку: не судзі па сабе, памылішся.

У нас няма планаў захопліваць іншыя тэрыторыі. Цяпер нашыя войскі знаходзяцца на тэрыторыі Курскай вобласці, але ўжо заяўлена, што ніякай анэксіі не будзе. Мы паважаем міжнародна прызнаныя межы, у тым ліку - РФ. У Курскай вобласці ідзе ваенная аперацыя, мы атакавалі вайсковыя аб'екты на тэрыторыі РФ, што будзем рабіць і далей.

Пасля перамогі ў вайне мы выведзем войскі. Нам не патрэбен ні сантыметр зямлі на тэрыторыі РФ. Нягледзячы на тое, што яна забрала нашыя тэрыторыі, шмат гадоў іх эксплуатуе і працягвае захопліваць.

- Ніхто яшчэ некалькі месяцаў таму не мог прадказаць, што УСУ зойдуць на тэрыторыю Расеі, а Захад да гэтага спакойна паставіцца. Ці бачыце вы сцэнар, пры якім УСУ могуць зайсці на беларускую тэрыторыю?

- Скажу, што Лукашэнку напалохала тое, што адбываецца ў Курскай вобласці. Непаразуменне па прозвішчы Лукашэнка цудоўна разумее, што калі дасць каманду атакаваць Украіну, то мы будзем дзейнічаць у рамках артыкула аб самаабароне. Мы не толькі нанясём удар у адказ (артылерыйскі, ракетны), а ўвядзём войскі.

Цяпер у Курскай вобласці расейцы разам з «кадыраўцамі» масава здаюцца ў палон і ўцякаюць без аглядкі. Я не хачу пакрыўдзіць беларускія войскі, упэўнены, што там шмат прыстойных і разумных вайскоўцаў, але, думаю, што ўкраінскае войска, матываванае і з багатым баявым досведам, вельмі хутка будзе ў Менску.

І мы не будзем захопліваць Беларусь, а проста знішчым ворага, які напаў на нас, і далей усё — выведзем войскі. А вы ўжо самі разбірайцеся, што вам рабіць. Мы вам можам толькі падаць руку дапамогі, але за вас развязваць вашыя пытанні не будзем.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках