22 снежня 2024, Нядзеля, 8:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка атрымаў квіток у адзін канец»

37
«Лукашэнка атрымаў квіток у адзін канец»
УЛАДЗІМІР ЦЫБУЛЬКА
ФОТА: ГЛАВРЕД

І ягонае асяроддзе гэта разумее.

Курская аперацыя УСУ паклала канец размовам аб "мірных планах", якія ў апошнія месяцы прасоўвалі і вугорскі прэм'ер Віктар Орбан, і Кітай. Пуцін на пасяджэнні Савета бяспекі РФ заявіў, што не збіраецца весці мірныя перамовы з Кіевам.

Як змянілася сітуацыя? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам і пісьменнікам Уладзімірам Цыбулькам:

- Украінскае ваеннае камандаванне зразумела, што ніякіх кампрамісаў з Пуціным чакаць не варта, і распрацавала аперацыю пашырэння фронту. Адкрыццё Курскага фронту стварае абставіны, пры якіх расейскія войскі павінны расцягваць рэзервы яшчэ кіламетраў на 400. У гэтым сэнсе разлік вядзецца на тое, што ўкраінскія войскі больш тэхналагічныя, лепш навучаныя. За кошт тэхналогій, масавага выкарыстання беспілотнікаў і якасных сістэм РЭБ, можна будзе даволі паспяхова супрацьстаяць больш колькасным войскам Расеі.

Такія рэйды ўжо неаднаразова праводзіліся сіламі расейскіх добраахвотнікаў - на Браншчыну і Белгародчыну. У гэтым сэнсе шмат людзей, у тым ліку заходнія назіральнікі, усё яшчэ ўспрымаюць гэтую аперацыю як рэйд. Мяркуючы з дзеянняў расейскага камандавання, яно збіраецца закрыць пралом у Курску такімі зборнымі салянкамі, з розных тылавых частак сцягваюць сілы. Пад горадам Льгоў на абарону былі мабілізаваныя ахоўнікі мясцовай калоніі, якіх украінскія войскі ўзялі ў палон. Гэта сілавікі, яны ў плане разумення вайсковай тактыкі нічога не кемяць.

Выглядае, што расейскае камандаванне не ўспрымае гэта як паўнавартасную вайсковую аперацыю, а ўсё ж як рэйд. Сур'ёзныя часці з Пакроўскага кірунку не знятыя, там ціск ідзе найвялікшы на ўкраінскія войскі, але з Харкаўскага кірунку ўжо частку войскаў прыбралі.

А самае галоўнае, зменшылася колькасць расейскіх авіяналётаў, што дазваляе ўсё ж думаць, што Расея пераарыентуе частку войскаў цяпер на Курск, ды і не толькі на Курск — на Белгарад і Бранск таксама.

Тут прайшла інфармацыя аб выкарыстанні беларускай бранятэхнікі на гэтых кірунках, але, хутчэй за ўсё, Лукашэнка проста адкупіўся ад удзелу Узброеных сіл Беларусі ў прыкрыцці той жа Бранскай вобласці. У гэтым сэнсе адкупіцца бранятэхнікай, па-мойму, танней, чым жывую сілу перакінуць.

- Як аперацыя УСУ ў Курскай вобласці паўплывае на Лукашэнку? Фактычна УСУ паказалі, як войска з баявым досведам без асаблівых праблем разбіраецца з жаўнерамі тэрміновай службы і памежнікамі без такога досведу. Як сітуацыя мяняецца для беларускага дыктатара?

- Як мы бачылі, там не толькі тэрміновай службы, у баях задзейнічана таксама, напрыклад, расейская 810-я брыгада марской пяхоты. Дарэчы, гэтую брыгаду недзе чатыры разы ўкраінскія войскі знішчалі пад нуль, там заставалася да 10% жывой сілы. Але яе зноў папаўнялі, падвучвалі і зноў кідалі ў бой. Дык вось, 810-я брыгада сапраўды перабазаваная пад Курск, па-мойму, якраз недзе ў раёне Льгова яны і дзейнічаюць.

Можна сказаць, што Лукашэнка, мне падаецца, не абыдзецца адной тэхнікай. Істэрыка расейскага камандавання будзе адрасавана яму з мэтай хаця б дазволіць набраць кантрактнікаў на тэрыторыі Беларусі, ён раней гэта ўжо дазваляў.

Варта адзначыць, што на фоне Курска раптам знікла абрэвіятура АДКБ, пра існаванне гэтага пафаснага стварэння ніхто не згадвае. Што яшчэ цікава - сама расейская ўлада змяншае аб'ёмы аперацыі ўкраінскіх войскаў. Цяпер украінскае камандаванне кажа аб 78 захопленых населеных пунктах і недзе аб 1200 квадратных кіламетрах кантраляванай тэрыторыі. Гэта такая адчувальная колькасць, таму што за час атакі на Харкаўшчыну, якая была з вясны, яны сумарна захапілі блізу 100 квадратных кіламетраў. Вядома, амаль 20% Украіны акупавана, так што тэрыторыя, якая цяпер на Куршчыне пад кантролем УСУ, - гэта толькі маленькая кампенсацыя.

- А калі казаць не пра рэжым, а пра самога Лукашэнку, ці змянілася што-небудзь у ягонай галаве?

- Мне здаецца, Лукашэнка адчуў, што Пуцін завёў яго фактычна пад злачынства, ужо даўно завёў. Раней Лукашэнка думаў, што Пуціну ўсё дазволена, што ён зможа абараніць яго. А зараз у лукашэнкаўскім палітыкуме такое адчуванне пагрозы калектыўнай адказнасці, калектыўнай Гаагі, дзе яны апынуцца разам з пуцінскімі злачынцамі.

Асяроддзе Лукашэнкі выдатна разумее, што яны такія ж злачынцы, як і Пуцін. І калі санкцыі пад гадавіну фальсіфікацыі выбараў узмацнілі і ЗША, і Канада, і іншыя дэмакратычныя краіны, значыць гэта білет у адзін канец. Мне падаецца, што асяроддзе Лукашэнкі пасля Курска пачынае адчуваць блізкасць канца.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках