22 снежня 2024, Нядзеля, 10:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чорная рука і чырвоная кнопка

7
Чорная рука і чырвоная кнопка
ІРЫНА ХАЛІП
ФОТА: «НАША НІВА»

Лукашэнка ўжо не памятае, што было ўчора.

Учора ўвесь дзень усе навокал цытавалі страшныя гісторыі ад Лукашэнкі пра чорную руку, труну на колцах і чырвоную кнопку. «Дзяўчынка, сцеражыся, чорная рука ўжо ідзе па тваёй вуліцы». «Труна на колцах ужо ў вашым пад'ездзе». «Засталося націснуць толькі самую чырвоную кнопку». А расейскія прапагандысты слухаюць і ківаюць з важным выглядам. Яны, вядома, не вераць у чырвоную кнопку, проста ім грошы плацяць за важны выгляд. Але ж Лукашэнка? Няўжо ён сам верыць, што ў яго ёсць чырвоная кнопка, якую ён вольны націснуць, калі заманецца?

Відавочна, так. Ён верыць. Не выключаю нават, што кожную раніцу яму прыносяць груба пазбіваную драўляную скрыню з вялікай кнопкай, пафарбаванай у крывава-чырвоны колер, і кажуць: «Вось, націскайце, дарагі Аляксандр Рыгоравіч. Якія ў вас планы на сёння? Гваздануць нуклеаркай па Таліне? Ці па Берліне, можа? А як наконт Рыгі?» Лукашэнка адказвае: ды не, не сёння; сёння на ферму паедзем да працоўных, лепей заўтра - і так усе ведаюць, што я доўга думаць не буду. Назаўтра ўсё паўтараецца зноў.

Усё сапраўды паўтараецца, тым больш у гісторыі. Быў ужо адзін такі дыктатар у дваццатым стагоддзі - партугалец Антоніу Салазар. Ён таксама любіў казаць, што свой народ за цывілізаваным светам не павядзе: Партугалія, казаў ён, адсталая краіна, і гэта прыемная для яе характарыстыка. Ён таксама аддаваў загады на знішчэнне апанентаў і будаваў канцлагеры для іншадумцаў. На загад Салазара агенты таемнай паліцыі ПІДЭ ганяліся па ўсім свеце за апазіцыянерамі, якія паспелі ўцячы з краіны. А катавальны лагер Тарафал на Каба-Вэрдэ, які партугальцы называлі лагерам павольнай смерці, можна параўнаць хоць з наваполацкай, хоць з глыбоцкай калоніяй.

У 1968 годзе Салазар упаў з крэсла і стукнуўся галавой. На некаторы час запаў у кому. І яго верныя паплечнікі здзейснілі элегантны кульбіт: яны адхілілі дыктатара ад улады, але яму пра гэта не сказалі. І вось уявіце сабе: дыктатар прыходзіць у сябе ў шпітальнай палаце, а вакол, як звычайна, верныя міністры і генералы з заклапочанымі тварамі. Зычаць найхутчэйшага акрыяння і кажуць, што без яго Партугаліі смерць, так што працаваць бацьку партугальскага народа давядзецца нават на бальнічным ложку. Прыносяць яму дакументы на подпіс, прыходзяць са справаздачамі і нават прыносяць газеты, надрукаваныя спецыяльна для яго ў адзіным экзэмпляры. У тых газетах ён па-ранейшаму выбітны кіраўнік, без якога дождж н пойдзе і вінаград не вырасце. Проста ў шпіталі ладзяцца спектаклі пад назвай «пасяджэнне ўрада», разглядаюцца важныя пытанні, прымаюцца адстаўкі і праводзяцца новыя прызначэнні. А за межамі бальнічнай палаты ўжо ідзе зусім іншае жыццё. І ўсё гэтае шоў працягваецца два гады - да смерці Салазара. Ён так і памёр, перакананы ў тым, што кіруе Партугаліяй і кантралюе ўсё, што там адбываецца.

Дык вось, вельмі падобна, што Лукашэнка знаходзіцца ў той самай сітуацыі. Штораніцы яму разам з газетай прыносяць кубак кавы і скрынку з драўлянай кнопкай то Церцель з Кубраковым, то Балаба з Карпянковым, то Караеў з Качанавай. Дакладваюць, што ў краіне парадак і ўсенародная любоў да правадыра. Народ ціхі і ўдзячны, згаворлівы і цямлівы, усім задаволены. Ён марыць толькі аб адным: каб правадыр быў заўсёды. Пасля яго вязуць куды-небудзь на сустрэчу з гэтым народам. Як газету ў адным экзэмпляры, па ўсёй краіне збіраюць дзясятак надзейных актораў, якія паказваюць захапленне і радасць і моляць Лукашэнку не кідаць іх, не рабіць беднымі сіроткамі ў варожым свеце і бесперапынна трымаць палец на чырвонай кнопцы. Са свайго боку абяцаюць сабраць небывалы ўраджай і прагаласаваць датэрмінова. Потым Лукашэнку вязуць назад. У рэзідэнцыі да яго яшчэ могуць дапусціць якога-небудзь палестынскага амбасадара, які пацвердзіць, што так яно і ёсць, і не толькі беларускі народ, але і ўвесь свет марыць толькі аб адным - аб вечным и сталым. І ўсё, дзень прайшоў, можна разыходзіцца па сваіх справах - у лазню, на рыбалку, на бяседу.

Вядома, усё гэта адбываецца з некаторымі папраўкамі на дваццаць першае стагоддзе з інтэрнэтам, але сутнасць не мяняецца: Лукашэнка даўно перастаў бачыць свет за межамі асабняка і ўжо пагатоў разумець, што ў гэтым свеце адбываецца. Ён глядзіць вачамі тых, хто прыходзіць да яго з дакладамі, а сувязь з рэальнасцю страціў назаўжды. Не выключана, дарэчы, што і на кнопку ён час ад часу націскае, калі настрой дрэнны. Але не бяда - раніцой яму прыносяць новую скрыню са свежапафарбаванай чырвонай кнопкай. Ён усё адно не ўзгадае, што было ўчора.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках