Жыгімонт Карыбутавіч: Як нашы продкі кіравалі Чэхіяй і дапамагалі ёй змагацца за незалежнасць
3- 25.08.2024, 12:15
- 1,876
Унук Альгерда быў намеснікам Вітаўта ў Чэшскім каралеўстве і правадыром гусітам.
Жыгімонт Карыбутавіч – сын князя наваградскага і лідскага Карыбута (паводле іншых звестак, Ноўгарад-Северскага) і разанскай княгіні Настассі, унук вялікага князя літоўскага Альгерда, нарадзіўся ў 1385 годзе. У 1404 годзе ён быў выпраўлены на сядзібу свайго дзядзькі караля польскага Ягайлы на выхаванне, піша vklby.com.
У 1410 годзе ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве як васал Ягайлы, камандаваў сваёй харугвай. Праз чатыры гады ў час вайны Польшчы з Тэўтонскім ордэнам узяў штурмам замак крыжакоў Прабут. Потым перайшоў на службу да вялікага князя літоўскага Вітаўта.
Вясной 1422-га года князь Вітаўт (на той момант абраны каралём Чэхіі) адправіў туды Жыгімонта Карыбутавіча ў якасці намесніка ў суправаджэнні пяцітысячнага літоўскага войска. На той момант у Чэхіі ішла так званая гусіцкія вайна. Чэхі, прыхільнікі рэфарматара каталіцкай веры Яна Гуса, вялі вайну з каталікамі розных краінаў, у тым ліку і нямецкімі. Супрацьстаяць шматлікім рэгулярным крыжовым паходам было не проста.
Прыбыўшы ў Чэхію, Жыгімонт Карыбутавіч прымусіў імператарскія войскі ўцячы ў Вугоршчыну. Потым, узмацніўшы свае войскі добраахвотнікамі з чэхаў, ён захапіў штурмам замак Нэстаў у Маравіі, пасля чаго разаслаў па ўсёй Чэхіі лісты пра тое, што ён прыбыў як намеснік Вітаўта, каб кіраваць і абараняць Чэхію ад ворагаў. Неўзабаве намесніцтва было афіцыйна прызнанае на сойме. Пасля чаго Жыгімонт Карыбутавіч урачыста заехаў у Прагу. Ён распусціў гарадскую раду і правёў выбары новай. Сваімі паспяховымі ваеннымі кампаніямі заваяваў аўтарытэт і сімпатыі ў гусітаў.
Падчас аблогі імператарскага замка Карлштэйн ужыў незвычайную біялагічную атаку. З дапамогай катапультаў непрыступны замак быў закіданы фекаліямі, якіх было выкарыстана больш за шэсцьдзесят вазоў.
У Празе Жыгімонт асудзіў мяцежнікаў на смяротнае пакаранне, аднак, калі прысуджаныя да смерці паклалі галовы на плахі, ён іх памілаваў.
Пасля таго як Вітаўт падпісаў пагадненне з нямецкім імператарам, Жыгімонт Карыбутавіч, на патрабаванне караля вымушаны быў пакінуць Чэхію. Аднак у чэрвені 1424 года на просьбу чэшскіх паслоў, супраць волі вялікага князя, ён разам са сваім паўтаратысячным войскам вярнуўся ў Прагу. Там ён прыняў прысягу паводле гусіцкага абраду на вачах у народа і быў абвешчаны каралём, але не каранаваўся.
Пасля вяртання Жыгімонт Карыбутавіч разбіў нямецкія войскі каля замка Эгрэ, тым самым адбіўшы трэці крыжовы паход супраць гусітаў. За гэта каталіцкая царква абвесціла яго ерэтыком.
Пасля смерці нацыянальнага героя і палкаводца Чэхіі Яна Жыжкі Жыгімонт узначаліў 25-тысячнае войска гусітаў, з якім у бітве каля горада, які сёння называецца Усці-над-Лабем, разбіў 75-тысячнае імператарскае войска.
Нягледзячы на перамогі, Жыгімонт Карыбутавіч шукаў шляху заканчэння вайны. З гэтай мэтай ён напісаў таемны ліст Вітаўту, каб той стаў пасярэднікам у перамовах з Нямеччынай пра мір. Неўзабаве за таемную перапіску з Вітаўтам радыкальным крылом гусітаў табарытамі быў абвінавачаны ў здрадзе і зняволены ў замку Вальдштэйн. Праз чатыры месяцы яго вызвалілі і адвезлі пад вартай да польскай мяжы. Але так проста здавацца ён не збіраўся і, сабраўшы войскі з сваіх гусіцкіх прыхільнікаў, наймітаў і атрада Фёдара Астрожскага з ВКЛ, у красавіку 1430 года ён накіраваўся ў Чэхію. Пасля прыбыцця заняў горад Глівіцэ, які абвесціў сваёй рэзідэнцыяй і цягам года ваяваў супраць нямецкіх войскаў.
У 1434 г. Жыгімонт Карыбутавіч вярнуўся ў Літву, каб узначаліць войска Свідрыгайлы, які пачаў вайну за пасад ВКЛ супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Падчас вызначальнай бітвы пад Вількамірам быў паранены ў шыю і галаву, пасля чаго захоплены ў палон, дзе ад атрыманых ранаў ён і памёр. На пытанне, чаму не ратаваўся ўцёкамі пасля разгрому яго войскаў, адказаў: «Гонар вышэй чым жыццё стаўлю, ганьбай уцёкаў пакрыцца не хацеў».