Беларусу замянілі частку сцегнавой косткі тытанавым 3D-імплантам
5- 26.08.2024, 20:30
- 6,478
Унікальную аперацыю правялі ў Віцебску.
Унікальную аперацыю замены часткі сцягна 3D-імплантам правялі віцебскія медыкі. Да гэтага пацыент доўга лячыўся ў Воршы, а ў абласным цэнтры правёў блізу паўгода, піша БелТА.
Тытанавы 3D-імплант усталёўвалі 45-гадоваму пацыенту з вялікім дэфектам сцегнавой косткі. Каля двух гадоў таму мужчына атрымаў цяжкі пералом сцягна. Ён доўга лячыўся ў Воршы, а ў студзені 2024-га яго перавялі ў Віцебскую абласную клінічную лякарню.
«У пацыента былі ўскладненні ў выглядзе астэаміэліту сцегнавой косткі. Яму зроблены шэраг аперацый у некалькі этапаў - блізу сямі ўмяшанняў. Першым этапам мы санавалі астэаміэлітычны асяродак і выдалялі металаканструкцыю. Гэта быў працяглы перыяд, бо трэба было купаваць інфекцыйны працэс левага сцягна», - растлумачыў загадчык аддзялення гнойнай хірургіі ВАКБ Аляксандр Глыздоў.
Фінальную аперацыю выканалі ў канцы ліпеня, распрацоўвалі яе супольна з калегамі з 6-й гарадской клінічнай бальніцы Менска пры ўдзеле віцебскага медуніверсітэта. Вылечыць захворванне наяўнымі на той момант метадамі не было магчымп.
Сертыфікаваны 12-сантыметровы тытанавы імплант вырабілі на 3D-друкарцы ў Менску.
Як адзначыў Аляксандр Глыздоў, імплант такіх памераў для замяшчэння дэфекту сцегнавой косткі ва ўмовах астэаміэліту ў Віцебску прымянілі ўпершыню.
Пацыент ужо ідзе на папраўку. Пад наглядам спецыялістаў ён вучыцца нанава хадзіць. Выпісваць мужчыну не спяшаюцца - пра гэта можна будзе казаць, калі ён адновіцца і зможа перайсці на мыліцы або на кій.