Папулярны серыял «Прэзумпцыя невінаватасці» заснаваны на рамане пісьменніка, які мае беларускія карані
- 29.09.2024, 12:37
- 4,524
У Менску нарадзіліся і продкі выканаўцы галоўнай ролі ў папярэдняй экранізацыі.
Улетку 2024 года прайшла прэм'ера крымінальна-дэтэктыўнага серыяла «Прэзумпцыя невінаватасці» з Джэйкам Джыленхолам у галоўнай ролі. Яшчэ адна экранізацыя твора амерыканскага пісьменніка Скота Туроў, карані якога з Беларусі, піша belarus.kp.ru.
Гэтая крымінальная гісторыя пра пракурора з Чыкага Расці Сабіча (Джэйк Джыленхол). У яго прыгажуня жонка Барбара (Рут Нэга) і двое дзяцей. Аднойчы яму патэлефанавалі і паведамілі, што жорстка забітая яго калега, пракурорка Кэралін Палхемус (Рэнатэ Рынсвэ). Расці ў шоку, бо ў яго з Кэралін была сувязь, якая ледзь не разбурыла яго сям'ю. Расці ўтойвае, што забітая была яго палюбоўніцай, і бярэцца за расследаванне гэтай справы (падрабязней аб серыяле).
Неўзабаве ён сам становіцца галоўным падазраваным, у яго доме праходзяць ператрусы. Але пракурор не здаецца і спрабуе выйсці на след сапраўднага забойцы, каб не страціць Барбару і дзяцей.
Гэты серыял заснаваны на дэтэктыўным рамане 1987 года Скота Туроў, ужо экранізаванага ў 1990 годзе з Гарысанам Фордам у ролі Расці Сабіча.
Сам Скот Туроў нарадзіўся 12 красавіка 1949 года ў Чыкага. Яго бацькі былі дзецьмі габрэяў, якія эмігравалі з Беларусі. Бацька, Давід Туроў, працаваў лекарам-акушэрам, а маці, Рыта Пастран Туроў, пісала кнігі для дзяцей.
Першую адукацыю ён атрымаў па спецыяльнасці «Ангельская мова», з адзнакай скончыўшы ў 1970 годзе Амхерстскі каледж. Надумаўшы стаць пісьменнікам, ён атрымаў стыпендыю ў Цэнтры творчага пісьма Стэнфардскага ўніверсітэта.
Падчас вучобы Скот выкладаў творчае пісьмо і пісаў свой першы раман пра Чыкага. Але ў выдавецтвах яго першае тварэнне не ацанілі, ён атрымліваў адмову за адмовай. Туроу стаў сумнявацца, ці тым ён займаецца і надумаў змяніць кірунак дзейнасці - паступіў у Юрыдычную школу Гарвардскага ўніверсітэта і ў 1978 году атрымаў ступень доктара юрыдычных навук.
На пасадзе памочніка федэральнага пракурора ён браў удзел у шэрагу гучных працэсаў. У 1987 годзе Туроў напісаў раман «Прэзумпцыя невінаватасці», які стаў бэстсэлерам. А на гэты момант Скот Туроў - аўтар 13 бэстсэлераў і дзвюх навукова-папулярных кніг. Яго творы перакладзеныя на больш чым сорак моваў і прададзеныя тыражом, большым за 30 мільёнаў экзэмпляраў па ўсім свеце.
Вернемся да першай экранізацыі, калі ў 1990 годзе на экраны выйшаў фільм «Прэзумпцыя невінаватасці» з Гарысанам Фордам. А як вядома, у славутага актора, таксама як і ў Туроў, беларускія карані.
Гары Форд, дзядуля будучай галівудскай зоркі, пераехаў у Нью-Ёрк з Менска ў 1906 годзе. Там уладкаваўся кіроўцам трамвая. А праз год пазнаёміўся са сваёй зямлячкай Ганнай Ліўшыц, якая таксама перабралася праз акіян.
Гары і Ганна ажаніліся, а ў 1917 годзе ў іх нарадзілася дачка Дора, у якой 13 ліпеня 1942 года ў Чыкага з'явіўся сын Гарысан.
Ён пабудаваў у Галівудзе бліскучую кар'еру. Гарысана прыкмеціў рэжысёр Джордж Лукас і запрасіў яго на ролю пілота «Тысячагадовага сокала» ў фантастычны фільм «Зорныя войны». Пасля ашаламляльнага поспеху стужкі Спілберг паклікаў яго на ролю Індыяны Джонса, пасля якой Гарысан Форд стаў неймаверна папулярным. У 2001 годзе Кніга рэкордаў Гінеса нават вызначыла яго як найбагацейшага актора ў свеце.