Фон дэр Ляен спрабуе дабіцца сустрэчы з Трампам да яго інаўгурацыі
5- 10.01.2025, 10:04
- 2,568
Еўрапейскія чыноўнікі занепакоеныя планамі палітыка што да Украіны.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен спрабуе арганізаваць сустрэчу з Дональдам Трампам да яго інаўгурацыі, піша Bloomberg, спасылаючыся на дасведчаныя крыніцы.
Адзначаецца, што чыноўнікі Еўрапейскага Звязу і прадстаўнікі Трампа правялі перамовы, але пакуль незразумела, ці ўдасца арганізаваць візіт у яго маёнтак у Фларыдзе да 20 студзеня.
Пры гэтым спробы арганізаваць сустрэчу ўскладняюцца яшчэ і тым, што фон дэр Ляен дагэтуль не вярнулася ў Брусэль пасля святаў, бо спрабуе акрыяць пасля перанесенай цяжкай пнеўманіі.
Як адзначае Bloomberg, чыноўнікі ЕЗ дагэтуль з цяжкасцю адкрывалі каналы сувязі з высокапастаўленымі калегамі ў новай адміністрацыі Трампа, у той жа час новаабраны прэзідэнт неаднаразова скардзіўся на тое, што Еўропа дрэнна ставіцца да ЗША.
У чацвер увечары фон дэр Ляен і старшыня Еўрапейскай рады Антоніё Коста апублікавалі ідэнтычныя паведамленні, у якіх заявілі аб надзеі на пазітыўнае ўзаемадзеянне з будучай адміністрацыяй ЗША і прыхільнасці ўмацаванню сувязяў.
«Фон дэр Ляен падтрымлівала асабліва цесныя стасункі з дзейным прэзідэнтам Джо Байдэнам і некалькі разоў прыязджала ў Белы дом для каардынацыі палітыкі ў дачыненні да Украіны і Кітая. Цяпер чыноўнікі асцерагаюцца, што Трамп можа згарнуць амерыканскую дапамогу Украіне і адкрыць кантакты з Расеяй», - піша Bloomberg.