Украіна паказала свету БПЛА, якія прычынілі Расеі шматмільённую шкоду
4- 11.01.2025, 16:31
- 16,334
СМІ раскрыла іх асаблівасць.
Украіна прадставіла свае перадавыя тэхналогіі ў галіне дронаў, уключаючы БПЛА Shrike і Vampire, на выставе CES 2025 у Лас-Вегасе і зрабіла моцнае ўражанне на сусветную тэхналагічную супольнасць.
Гэтыя беспілотнікі актыўна выкарыстоўваюцца ў поўнамаштабнай вайне, распачатай Расеяй.
Да прыкладу, 19 кастрычніка 2023 года дроны Shrike атакавалі расейскі канвой. Усяго было задзейнічана 35 апаратаў, якія знішчылі восем танкаў і чатыры баявыя машыны пяхоты агульным коштам 19 мільёнаў даляраў, піша Interesting Engineering.
Паведамляецца, што, у сваю чаргу, Vampire, які паступіў на ўзбраенне ўсяго месяц таму, ужо знішчыў актывы супраціўніка на суму 56 мільёнаў даляраў, у тым ліку склады, танкі, сістэмы СПА і артылерыю.
Прадстаўнікі Украіны актыўна вядуць перамовы з патэнцыйнымі інвестарамі і сусветнымі лідарамі ў галіне тэхналогій на выставе, імкнучыся пашырыць свой уплыў у гэтай галіне.
«Мы ганарымся тым, што з'яўляемся ўкраінскім вытворцам. У нас ёсць два асноўныя тыпы дронаў: невялікі FPV-дрон і больш буйная версія, прызначаная як для вайскоўцаў, так і для цывільных мэтаў», - адзначыў прадстаўнік украінскага абароннага сектара.
Ён дадаў, што буйнейшы БПЛА здольны перавозіць да 15 кілаграмаў розных грузаў. Ва Украіне гэтыя дроны выконваюць важныя задачы для войска, а таксама дастаўляюць гуманітарную дапамогу - ваду, ежу, медыцынскае абсталяванне туды, куды небяспечна адпраўляць людзей.
СМІ таксама піша, што гэтыя вялікія дроны менш уразлівыя для варожых радараў, бо лётаюць на нізкай вышыні. Яны могуць скідаць груз, не прызямляючыся. Далёкасць палёту складае да 15 кіламетраў. Калі сувязь губляецца, робат аўтаматычна вяртаецца да пункту запуску, што мінімізуе рызыку яго страты.
Акрамя таго, БПЛА аснашчаныя спадарожнікавымі сістэмамі і распрацаваныя для прастаты эксплуатацыі пры мінімальным кошце вытворчасці.
«Усе кампаненты, уключаючы праграмнае забеспячэнне і матэрыялы, зробленыя ва Украіне», – гаворыцца ў матэрыяле.
І падкрэсліваецца, што, хоць цяпер і абмежаваны продаж прадуктаў падвойнага прызначэння, украінскія прадстаўнікі на выставе CES 2025 хочуць паказаць свету, на што здольныя «іх уменні і інтэлект».