Жыхар Берасцейшчыны перапісваўся сам з сабой, прадстаўляючыся ашуканцам
6- 14.01.2025, 11:49
- 4,984
Нашто гэта яму спатрэбілася?
24-гадовы жыхар Бярозаўскага раёна, распусціўшы грошы ў азартных гульнях, прыдумаў гісторыю аб тым, як стаў ахвярай кіберзлачынцаў, паведамілі ў Бярозаўскім раённым аддзеле Следчага камітэта. Цяпер там пачалі расследаваць крымінальную справу аб загадзя ілжывым даносе, піша “Тэлеграф”.
Са звестак следства, мужчына двойчы звяртаўся ў міліцыю. Спачатку ён заявіў, што з яго банкаўскага рахунку "скралі" больш за 700 рублёў. Затым - што ашуканцы без яго ведама “аформілі на яго крэдыт у банку” на суму звыш 5 тысяч рублёў. У доказ сваіх слоў мужчына паказаў перапіску з "кіберзлачынцамі", якія нібыта завалодалі ягонымі пашпартнымі звесткамі.
Спачатку Бярозаўскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле артыкула аб крадзяжы маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі. Следчыя агледзелі кампутарную тэхніку, вывучылі банкаўскія дакументы і высветлілі, што "выкрадзеныя" грошы пайшлі на рахункі букмекерскіх кантор. Аднак ніякіх слядоў узлому яны не знайшлі.
Пазней адзін са сведак расказаў, што ягоны знаёмы мог распусціць грошы ў азартных гульнях. Высветлілася, што малады чалавек сам узяў крэдыт у банку, а потым перапісваўся сам з сабой з іншай старонкі ў Telegram, каб стварыць бачнасць размовы з ашуканцамі.
У выніку жыхар Бярозаўскага раёна прызнаўся, што прыдумаў усю гісторыю, бо баяўся, што бацькі будуць яго лаяць. Цяпер яму пагражае крымінальная справа паводле артыкула аб загадзя фальшывым даносе. Максімальнае пакаранне ў гэтым артыкуле - 3 гады пазбаўлення волі.