«Крыкнуў «за генерала Кіма Чэна Ына» і дастаў гранату»
19- 14.01.2025, 14:53
- 21,826
Смяротнікі з КНДР сталі новай праблемай на фронце.
Пасля нядаўняга бою ў Курскай вобласці на гэтым тыдні ўкраінскія спецпадраздзяленні сабралі больш за дзесяць забітых паўночнакарэйскіх жаўнераў. Сярод іх знайшлі аднаго яшчэ жывога. Але калі наблізіліся, ён узарваў сябе гранатай. Аб гэтым піша Reuters, спасылаючыся на звесткі Сіл спецыяльных аперацый Украіны.
Паводле інфармацыі прэсавай службы ССА, жаўнеры пасля выбуху не пацярпелі, але Reuters не мае таму пацвярджэнняў.
Са слоў аўтараў публікацыі, згаданы выпадак можна разглядаць як адзін са шматлікіх довадаў – звестак з поля бою, справаздач выведкі і сыведчанняў паўночнакарэйскіх перабежчыкаў –таго, што некаторыя паўночнакарэйскія жаўнеры ахвочыя ісці на надзвычайныя захады падчас баявых дзеянняў.
"Самападрыў і самагубства – такая рэальнасць Паўночнай Карэі", - растлумачыў 32-гадовы Кім, былы паўночнакарэйскі жаўнер, які ўцёк у Паўднёвую Карэю ў 2022 годзе і папрасіў назваць толькі прозвішча праз асцярогу рэпрэсій у дачыненні да ягонай сям'і, якая засталася ў КНДР.
"Гэтым жаўнерам, якія пайшлі з дому, прамылі мазгі, і яны сапраўды ахвочыя ахвяраваць сабой дзеля Кіма Чэна Ына", – дадаў ён.
Былому вайскоўцу Кіму дапамагае праваабарончая група NK Imprisonment Victims' Family Association. Ён сказаў, што працаваў на паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Расеі блізу сем гадоў да 2021 года – на будаўнічых праектах, каб зарабіць замежную валюту для рэжыму.
Паводле Украіны і Захаду Пхэньян размясціў блізу 11000 жаўнераў для падтрымкі сіл Масквы ў заходняй частцы Курскай вобласці РФ.
"Пакіньце астатні патрон"
Старшыня Дзяржаўнай рады КНДР Кім Чэн Ын называе сваё войска наймацнейшым у свеце. Але прадстаўнікі Паўднёвай Карэі са спасылкай на выведныя агенцтвы краіны заявілі, што колькасць параненых і забітых на полі бою паўночнакарэйскіх жаўнераў кажа пра тое, што яны не гатовыя да сучаснай вайны, у якой выкарыстоўваюцца дроны, таму Расея можа ўжываць іх у якасці «гарматнага мяса» .
"Надоечы было пацверджана, што паўночнакарэйскі жаўнер, знаходзячыся пад пагрозай палону, крыкнуў "за генерала Кіма Чэна Ына" і выцягнуў гранату, каб паспрабаваць падарваць сябе, але яго забілі", – сказаў Лі Сон Гвэн, які ўваходзіць у камітэт выведкі паўднёвакарэйскага парламента. .
Цыдулкі, якія прывезлі забітыя паўночнакарэйскія жаўнеры, таксама паказваюць, што ўлады КНДР раяць звяртацца да самагубства перад пагрозай палону, дадаў ён.
Самагубства жаўнераў або шпіёнаў — гэта не толькі паказная лаяльнасць рэжыму Кіма Чэна Ына, але і спосаб абараніць сем'і, якія засталіся дома, сказаў Ян Ук, вайсковы аналітык Інстытута палітычных даследаванняў Асан.
Паводле ягоных слоў, для некаторых паўночнакарэйскіх жаўнераў палон і адпраўка назад у Пхеньян будзе яшчэ горшай за смерць, сказаў Кім, паўночнакарэйскі перабежчык і былы жаўнер.
«Стаць ваеннапалонным - гэта здрада. Патрапіць у палон азначае стаць здраднікам. Пакіньце астатні патрон, вось пра што мы гаворым у войску», – сказаў ён.