Зяленскі паказаў новае відэа размовы з палонным жаўнерам КНДР
5- 14.01.2025, 19:22
- 7,816
У Расеі яму выдалі дакументы, аднак там было не ягонае імя і не было фота.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паказаў яшчэ адно відэа размовы з палонным жаўнерам Паўночнай Карэі. Нядаўна УСУ захапілі яго ў палон падчас баявых дзеянняў.
Відэа апублікаваў Зяленскі ў сябе ў Telegram.
На відэа ў паўночнакарэйца пытаюцца, калі ён трапіў у палон да УСУ. Мужчына адказвае, што не памятае. З яго слоў, ён успамінае толькі бой, у якім яго пакінулі субраты, і некалькі дзён ён знаходзіўся адзін.
«Мяне паранілі, а пасля бою было адступленне. Паколькі я атрымаў раненне, то не мог рухацца. І прыкладна 3-5 дзён заставаўся адзін. Потым мяне знайшлі войскі Украіны», - кажа ён.
Са слоў палоннага, у Расеі яму выдалі дакументы, аднак там было не яго імя і не было фота. Ён таксама расказаў, што ў Расеі іх вучылі, як браць у палон украінскіх вайскоўцаў.
Са слоў Зяленскага, зараз устанаўліваюцца факты і правяраюцца дэталі наконт палоннага.
«Свет будзе ведаць поўную праўду пра тое, як Расея выкарыстоўвае такіх хлопцаў, якія раслі ў поўным інфармацыйным вакууме, увогуле нічога не ведаюць пра Украіну і выкарыстоўваюцца Расеяй выключна для таго, каб працягнуць і пашырыць гэтую вайну. Толькі Расеі патрэбная гэтая вайна. Я дзякую ўсім нашым воінам, якія абараняюць украінскія пазіцыі. Удзячны і ўсім у свеце, хто дапамагае нам берагчы жыцці людзей і нашу незалежнасць», - напісаў Зяленскі.