Названыя чатыры выпадкі, калі ўсталёўваць лічыльнікі на ваду ў Беларусі «эканамічна немэтазгодна»
7- 2.01.2025, 11:23
- 12,372
Міністэрства ЖКГ апублікавала дакумент у першы дзень 2025 года.
У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі вызначылі пералік выпадкаў, калі ўстаноўка прыбораў індывідуальнага ўліку расходу вады "эканамічна немэтазгодная" ці "тэхнічна немагчымая".
Адпаведны дакумент апублікавалі ў першы дзень 2025 года на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале.
Так, размова ідзе аб 4 выпадках у жыллёвым фондзе. Згодна з пастановай Міністэрства ЖКГ №17 ад 20 снежня 2024 года, якая набыла моц 1 студзеня 2025 года, першая сітуацыя звязана са зносам жылых дамоў (калі такую пастанову прынялі мясцовыя ўлады).
Другі выпадак тычыцца неадпаведнасці жылля ўстаноўленым санітарным нормам і правілам, а таксама пастановам аб пераводзе такога памяшкання ў катэгорыю нежылога. Згодна з дакументам, зрабіць гэта могуць як мясцовыя ўлады, так і адміністрацыя індустрыяльнага парка "Вялікі камень".
Трэці пункт - адсутнасць у жылым памяшканні ў інтэрнаце, якое знаходзіцца ў адасобленым валоданні і карыстанні беларусаў, дапаможных памяшканняў (кухні і санвузла), абсталяваных цэнтралізаваным водазабеспячэннем.
Апошні выпадак, згодна з пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, тычыцца жылых памяшканняў манеўранага фонду. У іх таксама ўсталёўваць лічыльнікі на ваду "эканамічна немэтазгодна", адзначылі ў ведамстве.
Жылое памяшканне манеўранага фонду - спецыяльнае жыллё, якое выдаецца ў часовае карыстанне на ўмовах дамовы найму беларусам, выселеным з-за капітальнага рамонту або рэканструкцыі, зносу будынка, яго непрыдатнасці для пражывання з прычыны НС і інш.