Трамп падпісаў амаль 200 указаў і загадаў: першыя падрабязнасці
43- 21.01.2025, 11:37
- 18,244
Пастановы паўплываюць і на ўнутраную, і на замежную палітыку.
Новы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адразу пасля інаўгурацыі падпісаў амаль 200 указаў, мемарандумаў і загадаў. Перш за ўсё ён скасаваў 78 «шкодных» указаў Джо Байдэна і памілаваў 1500 чалавек, асуджаных за напад на Капітолій у 2021 годзе. Таксама Трамп увёў надзвычайнае становішча на межах ЗША ў сувязі з ростам нелегальнай міграцыі з Мексікі. І запатрабаваў аднавіць у ЗША свабоду слова і скасаваць цэнзуру, паведамляе Forbes.
Першымі ён падпісаў некалькі ўказаў аб назначэннях у сваю адміністрацыю. Дакументы тычыліся ў тым ліку прызначэнняў кіраўнікоў розных дзяржструктур, якія часова выконваюць абавязкі.
Яшчэ дзевяць указаў 47-ы прэзідэнт ЗША падпісаў падчас інаўгурацыйнага парада, які праходзіў на стадыёне Capital One Arena ў Вашынгтоне. Сваім першым указам ён скасаваў 78 «шкоднасных» выканаўчых указаў і мемарандумаў папярэдняга прэзідэнта Джо Байдэна, 17 з якіх былі падпісаныя ім у студзені 2025 года. Напрыклад, Байдэн выключыў Кубу з амерыканскага спісу дзяржаў - спонсараў тэрарызму, у якім яна знаходзілася з 2021 года. Тады менавіта Трамп унёс Кубу ў гэты спіс, з якога яна была выключаная ў 2015-м указам прэзідэнта ЗША Барака Абамы.
Таксама на сцэне стадыёна Трамп падпісаў указ, які замарожвае набор службоўцаў у федэральныя ведамствы. Акрамя таго ён падпісаў загад, які прадпісвае ўсім федэральным службоўцам неадкладна вярнуцца на працу ў свае офісы, спыніўшы практыку выдаленай працы з дому, якая актыўна ўкаранялася былой адміністрацыяй пасля пандэміі. Там жа, на стадыёне, Трамп падпісаў указ аб паўторным выхадзе краіны з Парыжскай дамовы па клімаце (краіну вярнуў у гэтую дамову ў 2021 годзе Байдэн). Новы кіраўнік Белага дома падпісаў прадпісанне федэральнаму ўраду аднавіць у ЗША свабоду слова і скасаваць цэнзуру.
Адразу пасля інаўгурацыйнага парада Трамп прыбыў у Белы дом, адзначае CNN. Там у Авальным кабінеце ён першым падпісаў указ аб памілаванні амаль 1500 чалавек, асуджаных за злачынствы, звязаныя з нападам на Капітолій 6 студзеня 2021 года. «Мы спадзяемся, што яны выйдуць на волю сёння», - падкрэсліў новы прэзідэнт ЗША.
Трамп сваім указам таксама ўвёў надзвычайнае становішча на межах ЗША ў сувязі з ростам нелегальнай міграцыі з Мексікі, зазначае Reuters. Іншы падпісаны ім указ дазваляе прызнаваць наркакартэлі міжнароднымі тэрарыстычнымі арганізацыямі і ўжываць для барацьбы з імі сілу.
Трамп таксама загадаў амерыканскім вайскоўцам заняцца пытаннямі абароны паўднёвай мяжы ЗША ад нелегальнай іміграцыі і ён таксама скасаваў практыку catch and release («злаві і адпусці»), якая патрабуе ад праваахоўных органаў адпускаць затрыманых нелегальных мігрантаў на час, пакуль доўжыцца разбор іх справы ў іміграцыйным судзе.Таксама ён аднавіў практыку «Заставайцеся ў Мексіцы», у рамках якой просьбіты прытулку ў ЗША з трэціх краін павінны чакаць судовых пастаноў паводле сваіх спраў на тэрыторыі Мексікі. Акрамя таго 47-ы прэзідэнт ЗША прыпыніў праграмы па перасяленні бежанцаў, перастаў выдаваць амерыканскае грамадзянства дзецям мігрантаў па праве нараджэння на тэрыторыі ЗША. І загадаў пабудаваць новы адцінак сцяны на мяжы ЗША з Мексікай.
У Авальным кабінеце Трамп падпісаў выканаўчы ўказ аб выхадзе ЗША з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ).
А таксама сваім указам часова, на 90 дзён, прыпыніў усе праграмы дапамогі ЗША іншым краінам, якая прадстаўляецца «ў мэтах міжнароднага развіцця», паведаміла агенцтва AP. За гэты час будзе праведзеная праверка, ці адпавядае дапамога палітычным мэтам новай адміністрацыі.
Амерыканскі лідар Дональд Трамп заявіў, што ЗША павінны мець права на палову платформы.
Акрамя таго Трамп падпісаў указ, які адтэрмінаваў блакаванне платформы TikTok у ЗША як мінімум на 75 дзён. Ён заявіў, што ЗША мусяць мець права на палову TikTok. «У нас будзе 50% TikTok, а TikTok атрымае дазвол працягваць свой бізнэс», – растлумачыў ён.
Насуперак сваім пагрозам Трамп у першы дзень свайго прэзідэнцтва не стаў уводзіць тарыфы на замежны імпарт, адзначае Bloomberg. Пры гэтым ён паведаміў, што можа ўвесці падвышаную стаўку тарыфаў 25% для Канады і Мексікі.