У Менску за пазыкі прадаюць офіс СП эстонскай кампаніі і «дачкі» «Беларуськалія»
- 21.01.2025, 17:23
- 1,902
За яго хочуць атрымаць амаль 1,7 млн рублёў.
У бізнэс-цэнтры «Вікторыя Плаза» на вуліцы Платонава выставілі на продаж офіснае памяшканне, якое належыць ТАА «Еўрапейскае аграрнае агенцтва» (ЕАА). Як пазначана на сайце «БелЮрЗабеспячэння», за яго хочуць атрымаць больш за 1,7 млн рублёў.
Агульная плошча офіса – больш за 600 кв. м. Аўкцыён адбудзецца 20 лютага. Адначасова прадаецца належнае той самай кампаніі дапаможнае памяшканне плошчай блізу 68 «квадратаў», якое каштуе блізу 200 тыс. рублёў.
ЕАА – супольнае прадпрыемства, якое было створанае эстонскай кампаніяй European Agricultural Agency OU і ТАА «Беларуськалій-Агра». Беларусам у ім належала 45%. Да ўвядзення санкцый СП было афіцыйным дылерам у Беларусі многіх буйных вытворцаў сельгастэхнікі.
Але пасля ўвядзення забаронаў на пастаўкі тэхнікі ў прадпрыемства пачаліся праблемы. За 2023 выручка ЕАА скарацілася з 34,1 млн да 29,7 млн рублёў і кампанія выйшла ў страту 2,2 млн, а таксама дапусціла дэфолт у аблігацыях на $ 370 тыс.
У выніку беларускі ўдзельнік СП пастанавіў прадаць сваю дзель у ім, якую ў жніўні 2024-га ацанілі крыху менш як на 5,5 млн рублёў.