23 студзеня 2025, Чацвер, 1:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі кіроўца высадзіў з маршруткі маці з трохгадовым дзіцем

15
У Гомелі кіроўца высадзіў з маршруткі маці з трохгадовым дзіцем

Жанчына хацела везці малога ў сябе на каленях.

У Гомелі кіроўца маршрутнага таксі высадзіў з аўтамабіля маці з трохгадовым дзіцем, якая аплаціла праезд толькі за сябе і хацела везці малога ў сябе на каленях. Ці меў рацыю маршрутчык, выданне «Моцныя Навіны» даведалася ў «Гомельаблпасажыртрансе».

Пра інцыдэнт «Моцным Навінам» расказала чытачка. Паводле ейных словаў, дзяўчына збіралася везці дзіця ў сябе на каленях, але кіроўца маршруткі адмовіўся прадаўжаць рух, пакуль пасажырка не выйшла з аўтамабіля.

У «Гомельаблпасажыртрансе» выданню пракаментавалі, што ў гэтым выпадку кіроўца мае рацыю, спаслаўшыся на тое, што маршрутчыкі-прыватнікі «правілы перавозкі пасажыраў… прапісваюць для сябе самастойна і не абавязаныя бясплатна перавозіць дзяцей».

Раней сітуацыю падрабязна каментавалі ў Міжрэгіянальнай асацыяцыі перавознікаў (МАП). Там адзначылі, што кіроўцам маршрутак перавозіць пасажыраў з дзецьмі на каленях забараняюць ПДР.

Там прапісана, што калі транспартны сродак абсталяваны рамянямі бяспекі, то ўсе пасажыры ў ім павінны быць прышпіленыя. Выключэнне складаюць пасажыры аўтамабіляў аператыўнага прызначэння, і асобы, якія навучаюць кіраванню транспартным сродкам. Таксама могуць не прышпільвацца людзі з медыцынскімі супрацьпаказаннямі, пералік якіх вызначае Міністэрства аховы здароўя (напрыклад, цяжарныя на позніх тэрмінах).

Акрамя таго ПДР забараняюць перавозіць пасажыраў больш за колькасць, прадугледжаную тэхнічнай характарыстыкай транспартнага сродку. Умоўна, калі ў маршрутцы 20 месцаў для пасажыраў і прададзеныя ўсе квіткі, то дзіця будзе 21-м у ліку пасажырам. А гэта таксама парушэнне.

Летам летась МАП узнімала ў ДАІ пытанне перавозкі дзяцей у маршрутках. Ва ўстанове прызналі, што тэма актуальная, дадаўшы, што яна «патрабуе далейшай прапрацоўкі».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках