Ілан Маск надумаў набыць кватэру ў Варшаве
26- 21.01.2025, 19:24
- 10,466
У самым высокім жылым будынку польскай сталіцы.
Паводле інфармацыі Gazeta Wyborcza, мільярдэр Ілан Маск надумаў набыць сабе кватэру ў самым высокім будынку Варшавы – хмарачосе па адрасе Złota 44.
Год таму Ілан Маск наведаў Асвенцім і ўзяў удзел у дыскусіі на тэму антысемітызму ў інтэрнэце ў Кракаве. Відаць, Польшча яму спадабалася, таму ён пачаў шукаць сабе тут нерухомасць.
Сярод іншага, Маск прыглядаўся да кватэры нумар 504, размешчанай у прэстыжным варшаўскім хмарачосе на Złota 44. Але тады, паводле інфармацыі Wyborcza, не наважыўся на куплю праз забарону на вядзенне камерцыйнай дзейнасці па гэтым адрасе.
Цяпер жа стала вядома, што мільярдэр усё ж плануе набыць кватэру на 52-м паверсе хмарачоса на той самай Złota 44. Яе плошча – 200 квадратных метраў, і адтуль адкрываецца від на «Варшаўскі Манхэтэн».
Пачатковы кошт кватэры – 25 мільёнаў злотых (больш за 6 млн даляраў). На гэты момант жылы будынак на Złota 44 з'яўляецца самым высокім у Варшаве: яго вышыня складае 192 метры.