У Гомельскай вобласці зафіксаваны чарговы выпадак рэдкага і небяспечнага захворвання
4- 21.01.2025, 19:33
- 12,580
Ім можна заразіцца ў лесе.
У Хойніцкім раёне зафіксаваны новы выпадак гемарагічнай ліхаманкі з нырачным сіндромам. Жыхароў заклікаюць выконваць захады прафілактыкі, паведамілі ў санітарна-эпідэміялагічнай службе Гомельскай вобласці.
Выпадак гемарагічнай ліхаманкі з нырачным сіндромам (ГЛНС) быў зарэгістраваны ў Хойніцкім раёне ў студзені 2025 года.
Нагадаем, летась такі дыягназ быў пастаўлены 12-гадоваму хлопчыку ў Гомельскім раёне. Яму спатрэбілася медыцынская дапамога. Падобны выпадак быў з дарослым берасцейцам.
Гемарагічная ліхаманка з нырачным сіндромам – віруснае захворванне, якое перадаецца ляснымі мышападобнымі грызунамі. Яно можа выяўляцца такімі сімптомамі, як невялікі кашаль, дрыжыкі, павышэнне тэмпературы да 39–40 градусаў, боль у цягліцах і суставах, сухасць у роце, высыпанні на плячах, целе, грудзях. Заражэнне магчымае паветрана-пылавым шляхам, фекальна-аральным, а таксама кантактным – пры судотыку пашкоджаных скурных пакроваў з аб'ектамі навакольнага асяроддзя: сенам, галлём, саломай, кармамі, забруджанымі вылучэннямі грызуноў, напрыклад у лесе або на лецішчы.
Сярод небяспечных ускладненняў – разрыў ныркі, эклампсія, вострая судзіннавая недастатковасць, ацёк лёгкіх, пнеўманія, параза галаўнога мозгу, смяротны зыход.
Прафілактычныя захады:
Пазбягайце кантактаў з грызунамі. Неабходна абараняць прадукты харчавання і ваду ад забруджвання, асабліва ў скляпах.
Выконвайце асабістую гігіену. Ужывайце толькі тэрмічна апрацаваныя прадукты (смажаныя, вараныя, запечаныя). Не ешце і не паліце без мыцця рук.
Забяспечце абарону свайго жылля. Зачыніце расколіны і шчыліны ў сценах, каб прадухіліць доступ грызуноў. Рэгулярна праводзьце ўборку на тэрыторыі вакол дома, пазбаўляйцеся ад смецця і сухастою.
Будзьце ўважлівыя да сімптомаў. Пры з'яўленні такіх прыкметаў, як высокая тэмпература (39–41°C), галаўны боль, агульная слабасць, дрыжыкі, смага, млоснасць або ваніты, неадкладна звяртайцеся па медыцынскую дапамогу.