Трамп зацвердзіў у ЗША два нязменныя полы
- 21.01.2025, 19:35
- 6,192
Мужчынскі і жаночы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб прызнанні ў краіне толькі двух біялагічных полаў – мужчынскага і жаночага. Дакумент, апублікаваны на сайце Белага дома, называецца «Абарона жанчынаў ад гендэрнага ідэалагічнага экстрэмізму і аднаўленне біялагічнай ісціны».
У якасці абгрунтавання пастановы ва ўказе гаворыцца, што па ўсёй краіне выкарыстоўваюцца сродкі, якія дазваляюць мужчынам ідэнтыфікаваць сябе як жанчынаў і атрымліваць доступ сярод іншага да жаночых прытулкаў і душавых на працоўных месцах. «Спробы выкараніць біялагічную рэальнасць полу ў корані накіраваныя супраць жанчынаў, пазбаўляючы іх годнасці, бяспекі і дабрабыту», – сказана ў дакуменце.
«Палітыка Злучаных Штатаў заключаецца ў прызнанні двух полаў, мужчынскага і жаночага. Гэтыя полы нязменныя і заснаваныя на фундаментальнай і неаспрэчнай рэальнасці. <...> “Пол” азначае нязменную біялагічную класіфікацыю індывіда як мужчыны ці жанчыны. “Пол” не з'яўляецца сінонімам паняцця “гендарная ідэнтычнасць” і не ўключае яго ў сябе», – гаворыцца ў новым указе.
На дзяржаўным узроўні ў ЗША замацоўваюцца наступныя катэгорыі: «жанчына» (woman), «дзяўчынка» (girl), «мужчына» (man), «хлопчык» (boy), «жаночы» (female), «мужчынскі» (male). Усе ўстановы павінны выкарыстоўваць толькі гэтыя катэгорыі «пры тлумачэнні або ўжыванні законаў, пастановаў або рэкамендацый, а таксама ў іншай дзейнасці афіцыйных установаў, дакументах і камунікацыях». У анкетах установаў не павінна быць пытання пра гендарную ідэнтычнасць.
Таксама замацоўваецца адрозненне мужчынаў ад жанчынаў. Цягам 30 дзён з моманту апублікавання ўказа міністр аховы здароўя і сацыяльных службаў павінен прапанаваць дакладныя рэкамендацыі ў гэтым пытанні.
Ва ўказе прапісана, што «жанчына» (female) – гэта асоба, якая належыць у момант зачацця да таго полу, які вырабляе буйную рэпрадуктыўную клетку, а «мужчына» (male) – да таго полу, што вырабляе малыя рэпрадуктыўныя клеткі.