23 студзеня 2025, Чацвер, 1:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве затрымалі тры легкавікі з Беларусі праз груз

12
У Літве затрымалі тры легкавікі з Беларусі праз груз

Іх канфіскуюць і перададуць Украіне.

Літоўскія мытнікі ў пункце пропуску «Мядзінінкай» спынілі тры аўтамабілі, у якіх знайшлі тайнікі з кантрабанднымі цыгарэтамі. Легкавікі канфіскуюць і выправяць ва Украіну, паведамляе мытня Літвы.

Усе тры інцыдэнты адбыліся ў розны час 17 студзеня. Спачатку схованку з цыгарэтамі знайшлі ўнутры BMW X5, потым – у Mercedes Benz, а каля паўночы пасля рэнтгенаўскага надгляду з той самай прычыны ў рукі літоўскіх мытнікаў трапіў BMW X6.

Усе аўто пад кіраваннем грамадзянаў Беларусі прыехалі з нашай краіны, а цыгарэты былі схаваныя пад сядзеннямі, парогамі і прыборнай панэллю.

У агульнай колькасці ў тайніках выявілі 3030 пачкаў цыгарэтаў NZ Gold і Minsk Superslims на 13573 еўраў з улікам падаткаў. Парушальнікам выпісалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, ім таксама пагражае штраф ад 2000 да 6000 еўраў.

Усе тры аўтамабілі кантрабандыстаў затрымалі і плануюць перадаць Украіне. Летась Літва ўжо накіравала туды 114 канфіскаваных аўто ў якасці гуманітарнай дапамогі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках