Партугалія будзе набываць больш ЗПГ з ЗША і Нігерыі
- 21.01.2025, 20:31
- 1,356
Каб спыніць пастаўкі з РФ.
Партугалія плануе павялічыць набыццё звадкаванага прыроднага газу ў Злучаных Штатах і Нігерыі, паколькі яна імкнецца спыніць пастаўкі з Расеі, якія ўжо скарачаюцца, заявіла ў аўторак міністарка навакольнага асяроддзя Марыя да Грака Карвалью, паведамляе Reuters.
У 2024 годзе Партугалія імпартавала 49141 гігават-гадзіну (ГВт-г) прыроднага газу, з якіх прыкладна 96% складаў звадкаваны прыродны газ (ЗПГ). Паводле звестак аператара электрычных і газавых сетак REN, асноўнымі пастаўшчыкамі ЗПГ сталі Нігерыя (51%), ЗША (40%) і Расея (4,4%).
Яшчэ ў 2021 годзе Расея забяспечвала 15% паставак ЗПГ у Партугалію. Аднак пасля ўварвання РФ ва Украіну ў лютым 2022 года Еўрапейскі Звяз увёў санкцыі, якія абмяжоўваюць імпарт расейскай нафты і газу па трубаправодах. У той самы час імпарт ЗПГ, які транспартуецца марскімі шляхамі, санкцыямі не забаронены.
«Партугалія цяпер практычна незалежная ад расейскага газу, але мы імкнемся яшчэ больш знізіць гэтую залежнасць, павялічваючы імпарт з Нігерыі і ЗША», – заявіла Грака Карвалью падчас дыскусіі на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, паведамляе эканамічны партал ECO.
Міністарка энэргетыкі Партугаліі адзначыла неабходнасць большай інтэграцыі сярод 27 краінаў ЕЗ для ўзмацнення энэргетычнай незалежнасці. У той самы час яна сказала, што Іберыйскі паўвостраў усё яшчэ застаецца «энэргетычнай выспай» праз складанасці з будаўніцтвам газавых злучэнняў з Францыяй.