Беларусам прапануюць $2,6 мільёна за «клопат пра дзіця»
4- 21.01.2025, 21:41
- 9,706
У чым падвох?
34-гадовы жыхар Гародні стаў мішэнню для махляроў. На гэты раз зараджалі свежай схемай. Справа была так: незнаёмец напісаў беларусу ў Instagram, прапанаваўшы доступ да крыптагаманца з больш чым 2,6 мільёна даляраў у абмен на «клопат пра дзіця». Для дакладнасці сказанага ашуканец падзяліўся лагінам і паролем да старонкі на платформе для захоўвання крыптавалютаў. У чым жа падвох?
Гарадзенец, заінтрыгаваны такой шчодрай прапановай, увайшоў на старонку і ўбачыў вялікі баланс. Станоўчыя водгукі пра платформу, размешчаныя на старонцы, яшчэ больш узмацнілі давер. Аднак пры спробе вывесці грошы сістэма запытала пакупку VIP-статусу коштам 50 даляраў. Усвядоміўшы, што ён мае справу з ашуканцамі, мужчына спыніў далейшыя дзеянні, піша «Анлайнер».
Як высветлілася, гэтая схема з'явілася ў канцы 2024 года. Яе мэта – прымусіць ахвяру набываць усё больш дарагія статусы, пачынаючы з 50 даляраў і даходзячы да 50 тысячаў даляраў за «поўны доступ» да рахунку. Насамрэч ніякіх грошай ахвяры не атрымліваюць.
Наведванне такіх сайтаў можа быць небяспечным не толькі фінансава. Ашуканскія платформы могуць заражаць прылады вірусамі, здольнымі выкрасці асабістыя звесткі. Эксперты рэкамендуюць з асцярожнасцю ставіцца да падобных прапановаў, асабліва калі гаворка ідзе пра раптоўнае багацце.