«Такога не было нават у сталінскія часы»
12- 22.01.2025, 17:31
- 11,176
Расейскага навукоўцу пастанавілі пасадзіць на сем гадоў за «няякасныя даследаванні».
У Расеі дзяржаўнае абвінавачанне запытала 7 гадоў калоніі для супрацоўніка Інстытута цеплафізікі Сібірскага аддзялення РАН, доктара фізіка-матэматычных навук Алега Кабава паводле крымінальнай справы аб махлярстве (частка 4 артыкула 159 КК). Акрамя таго, яму хочуць забараніць займацца навуковай дзейнасцю на тры гады, паведамляе «Інтэрфакс». Усё гэта, а таксама штраф памерам трох гадавых заробкаў, будзе спрыяць «выпраўленню» навукоўца, мяркуе памочніца пракурора Савецкага раёна Новасібірска Яна Кузьміна.
68-гадовага Кабава абвінавачваюць у тым, што ён, будучы загадчыкам лабараторыі Інстытута цеплафізікі, у перыяд з 2014 да 2016 года фальсіфікаваў справаздачы аб выкананні даследаванняў і выкраў з бюджэту больш за 7,2 млн рублёў. Паводле версіі следства, гэтыя грошы ён раздаў падначаленым у выглядзе надбавак да заробку за ўдзел у праекце, а потым прымусіў пералічыць у фонд лабараторыі, створаны для падтрымкі навукоўцаў. Сам Кабаў віну не прызнае. Крыніцы T-invariant сцвярджаюць, што ў аснове крымінальнай справы ляжыць асабістая помста былога супрацоўніка лабараторыі, які ўступіў з навукоўцам у канфлікт праз тыя самыя грошы і перайшоў на працу ў ФСБ.
У 2014 годзе каманда Кабава перамагла на конкурсе на распрацоўку і стварэнне эксперыментальнага ўзору выпаральнай сістэмы астуджэння цепланапружаных элементаў у рамках федэральнай мэтавай праграмы, якая датычыцца развіцця навукова-тэхнічнага комплексу Расеі на 2014–2021 гады. У 2016 годзе праект скончыўся, атрымаўшы высокую ацэнку экспертаў з Мінадукнавукі і спецыялістаў у галіне цеплафізікі. Былі створаныя пяць вынаходстваў, а на аснове праведзеных прыкладных даследаванняў пазней зарэгістравалі яшчэ два адкрыцці. Аднак у 2018 годзе справаздачай лабараторыі зацікавілася ФСБ і пачало праверку ягонай дакументацыі. Для гэтага сілавікі задзейнічалі Рэспубліканскі даследчы навукова-кансультацыйны цэнтр экспертызы (РДНКЦЭ). Ён правёў дзве экспертызы. Адну да крымінальнай справы ў дачыненні да Кабава, а другую – ужо пасля ягонага затрымання восенню 2022 года. Апошняя экспертыза стала падставай для абвяшчэння абвінавачання. У ёй сцвярджалася, што лабараторыя Кабава выканала праект толькі на 37,76%. Пры гэтым аналіз праводзілі асобы, якія не дасведчаныя ў цеплафізіцы, а таксама вайскоўцы з базы экспертаў РДНКЦЭ.
Выданне адзначае, што ўпершыню ў сучаснай Расеі навукоўцу прад'явілі крымінальнае абвінавачанне за недастаткова добра праведзенае даследаванне. 3 красавіка 2024 г. пачаўся суд. За паўтара года следства Кабава дапытвалі ўсяго адзін раз – у дзень арышту. Агучваючы тэрмін, дзяржабвінаваўца Кузьміна адзначыла, што праца навукоўцы над праектам нібыта «не была арыентаваная на атрыманне новых ведаў – асноўнай мэтай было стварэнне станоўчага рэпутацыйнага аблічча лабараторыі для атрымання як мага большай колькасці новых грантаў, субсідый і суфінансавання».
«Мы былі ў шоку, пачуўшы патрабаванне пракуратуры… Гэта нейкая замова», – заявіла выданню жонка Кабава Алена Быкоўская. Паводле ейных словаў, абвінавачанне не ўзяло да ўвагі ніводны з аргументаў абароны. Адвакат прапаноўваў паказаць працоўную ўстаноўку, створаную ў рамках праекту, аднак суддзя не дазволіў яе выкарыстоўваць падчас прадстаўлення доказаў.
«Абвінавачванне Кабаву – плявок у твар усёй расейскай навуцы. Забарона на заняткі навукай – такога не было нават у сталінскія часы», – адзначыў доктар тэхнічных навук Булат Нігматулін. На ягоную думку, гэта адбылося таму, што расейская «навуковая супольнасць паказала сваё поўнае бяссілле і няздольнасць сябе абараніць».
Раней па краіне пракацілася хваля арыштаў навукоўцаў, якія займаліся даследаваннямі ў сферы гіпергукавых ракетаў. У тым ліку ФСБ пачала крымінальныя справы аб «дзяржздардзе» супраць супрацоўнікаў інстытутаў Сібірскага аддзялення РАН Дзмітрыя Колкера, Анатоля Маслава і Аляксандра Шыплюка. Колкер, якому дыягнаставалі тэрмінальную стадыю раку, памёр праз некалькі дзён пасля арышту. Шыплюк атрымаў 15 гадоў калоніі строгага рэжыму, Маслаў – 14.