Трамп абвясціў пра найбуйнейшы ШІ-праект у гісторыі на $500 млрд
12- 22.01.2025, 19:01
- 4,626
Чакаецца стварэнне 100 тысячаў працоўных месцаў.
У ЗША з'явіцца кампанія Stargate для развіцця інфраструктуры штучнага інтэлекту (ШІ). Пра гэта абвясціў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разам з кіраўнікамі OpenAI Сэмам Альтманам, SoftBank Масаесі Сонам і Oracle Лары Элісанам, паведамляе CNN.
Stargate стане «найбуйнейшым праектам інфраструктуры ШІ ў гісторыі», расказаў прэзідэнт. Будзе пабудаваная «фізічная і віртуальная інфраструктура для падтрымкі наступнага пакалення ШІ», у тым ліку цэнтры апрацоўкі звестак па ўсёй тэрыторыі ЗША. Першы аб'ект для апрацоўкі звестак ужо будуецца ў Тэхасе.
Тры кампаніі ўкладуць у праект $100 млрд, у найбліжэйшыя гады інвестыцыі павялічацца да $500 млрд, будуць створаныя 100 тыс. новых працоўных месцаў у ЗША.
Альтман выказаў упэўненасць, што праект стане найважнейшым у цяперашняй эпосе з развіццём гэтай тэхналогіі «мы ўбачым, як хваробы будуць вылечвацца з беспрэцэдэнтнай хуткасцю».
«[ШІ] патрабуе вялікай колькасці інфраструктуры, магутнасцяў, кампутарных чыпаў, цэнтраў апрацоўкі звестак, і нам трэба стварыць усё гэта тут, і мы павінны быць здольныя мець найлепшую інфраструктуру штучнага інтэлекту ў свеце, каб быць лідарамі з дапамогай тэхналогій і магчымасцяў», – расказаў Альтман у снежаньскім інтэрв'ю.
У студзені OpenAI апублікавала справаздачу, паводле якой ЗША дзякуючы інвестыцыям у інфраструктуру ШІ змогуць гарантаваць перамогу над кітайскімі тэхналогіямі. У глабальных фондах, паводле ацэнкі кампаніі, знаходзіцца $175 млрд, «якія чакаюць інвестыцый у праекты ШІ».
«Калі ЗША не прывабяць гэтыя сродкі, яны пойдуць на праекты, якія падтрымліваюцца Кітаем, што ўзмоцніць глабальны ўплыў Камуністычнай партыі Кітая», – сцвярджала OpenAI.