У Гародні паказалі новыя аўтобусы, якія будуць працаваць на менскім кірунку
17- 22.01.2025, 19:04
- 8,460
«Кітайцы» выцясняюць айчынныя МАЗы.
Гарадзенскія перавознікі пачалі замяняць маршруткі еўрапейскіх вытворцаў на аўтобусы кітайскага аўтапраму, паведаміла прэс-служба Міжрэгіянальнай асацыяцыі перавознікаў (МАП).
Шэсць новых аўтобусаў Zhongtong будуць працаваць на маршрутах «Гародня-Менск» і «Слонім-Менск».
«Усяго ж перавознікі для гэтых кірункаў набылі больш за 10 аўтобусаў. Памер інвестыцый перавысіў 1,5 млн даляраў», – адзначылі ў асацыяцыі.
Чаму для перавозкі пасажыраў была набытая тэхніка кітайскага вытворцы, а не беларускія МАЗы, у публікацыі МАП не ўдакладняецца.
Як расказаў дырэктар кампаніі-перавозніка Аляксей Сыты, цяпер на міжгародніх рэйсах у асноўным выкарыстоўваюцца мікрааўтобусы маркі Mercedes і Volkswagen – гэта знаёмыя шматлікім «спрынтары» і «крафцёры», якія шмат гадоў былі лідарамі на рынку камерцыйнага транспарту ў краіне.
Тэхніка актыўна эксплуатуецца кожны дзень, таму з часам узнікла неабходнасць абнаўлення аўтапарку.
«Магчымасці замяніць транспарт на той самы мадэльны шэраг у нас няма. Да таго ж кошт у іх занадта высокі», – адзначыў Сыты.
Паводле словаў суразмоўцы, да кітайскага аўтапраму яны доўга прыглядаліся, вывучалі розныя варыянты і знайшлі прымальны. Ацэньвалі не толькі тэхнічныя характарыстыкі транспарту, але і той факт, каб у Беларусі была магчымасць сэрвіснага абслугоўвання.
Фірма ўжо два гады выкарыстоўвае аўтобус кітайскага вытворцы на міжнародным кірунку. Прызнаюцца, што пакуль нараканняў на якасць не было, рамонт таксама не патрабаваўся, прабег у яго большы за 200 тысячаў кіламетраў. Набытыя ў пачатку года аўтобусы – таксама спробная партыя. Яны будуць выкарыстоўвацца ў больш інтэнсіўным рэжыме і праязджаць за месяц прыкладна 36 тысячаў кіламетраў ці больш за 400 тысячаў кіламетраў за год.
Прадстаўнікі кампаній-перавозніцаў упэўненыя, што калі новая тэхніка зарэкамендуе сябе з добрага боку, то астатнія камерцыйныя і дзяржаўныя перавознікі таксама стануць больш актыўна замяняць «еўрапейцаў» на «кітайцаў».