Кыргызстан забараніў насіць нікаб у грамадскіх месцах
- 22.01.2025, 20:24
- 4,990
За парушэнне пагражае буйны штраф.
Прэзідэнт Кыргызстана Садыр Жапараў зацвердзіў заканадаўчыя змены ў рэлігійнай сферы, абмежаваўшы нашэнне нікабаў – мусульманскага адзення, якое амаль цалкам хавае твар. Ён падпісаў законапраект, што забараняе насіць у грамадскіх месцах адзенне, якое «не дазваляе ідэнтыфікаваць асобу», паведамляецца ў аўторак, 21 студзеня, на афіцыйным сайце кіраўніка Кыргызстана.
Выключэнне складае адзенне, звязанае з працоўнай і службовай дзейнасцю або якое закрывае твар паводле медыцынскіх паказанняў.
Акрамя таго, папраўкі прадугледжваюць забарону «навяртаць у сваю рэлігію паслядоўнікаў іншых веравучэнняў, рэлігійна нейтральных людзей і атэістаў», а таксама праводзіць рэлігійныя рытуалы ў дамах састарэлых, турмах, воінскіх частках і іншых установах. Забараняецца таксама распаўсюджваць рэлігійную літаратуру і іншыя матэрыялы ў навучальных установах, грамадскіх месцах і пры абыходзе дамоў.
У выпадку парушэння любога з пунктаў прадугледжаны штраф памерам 20 тысячаў сомаў (у пераліку блізу 220 еўраў). Парламент Кыргызстана Жагарку Кенеш падтрымаў законапраект у канцы снежня 2024 года.
Нашэнне рэлігійнага адзення, якое хавае твар – нікаба і паранджы – у грамадскіх месцах забароненае ў цэлым шэрагу краінаў, сярод іншых у Францыі, Даніі, Нідэрландах і многіх іншых краінах ЕЗ, а таксама ў шэрагу іншых дзяржаваў, напрыклад у Шры-Ланцы.