TikTok пагодзіцца на ўгоду, каб застацца даступным у ЗША
4- 22.01.2025, 21:39
- 4,016
Што вядома.
ByteDance, кітайская матчына кампанія TikTok, заключыць пагадненне, каб праграма засталася даступнай у Злучаных Штатах. Пра гэта генеральны дырэктар General Atlantic Біл Форд сказаў у каментары выданню Axios на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе.
General Atlantic – буйны інвестар кітайскай ByteDance, а Біл Форд уваходзіць у яе раду дырэктараў.
«Так, – сказаў Форд, калі яго спыталі, ці будзе заключанае пагадненне. – Гэта на карысць усім».
«Мы прадоўжым працу, магчыма, да канца тыдня датычна перамоваў, што можа спрацаваць... Урад Кітая, урад ЗША, кампанія і рада дырэктараў – усе павінны быць задзейнічаныя ў гэтай размове», – адзначыў ён.
Паводле словаў Форда, могуць быць і іншыя пастановы, «акрамя продажу актываў».
Форд дадаў, што адміністрацыя прэзідэнта Байдэна збольшага вінаватая ў тым, што сітуацыя дасягнула пункту кіпення, таму што яна «не вяла з намі рэальнага дыялогу».
Аднак ён прызнаў, што прэзідэнт Трамп спрабаваў забараніць TikTok у апошнія дні свайго першага тэрміну, перш чым змяніць курс падчас нядаўняй кампаніі.
ByteDance павінна была прадаць TikTok да 19 студзеня 2025 года, але прэзідэнт Дональд Трамп падпісаў указ пра падаўжэнне тэрміну продажу на 75 дзён.
Wall Street Journal і Bloomberg пісалі, што кітайскія чыноўнікі разглядаюць магчымасць продажу прынамсі часткі праграмы Ілану Маску, а раней у студзені заяўку на куплю зрабіла група інвестараў, у склад якой уваходзяць Фрэнк Маккорт (былы ўладальнік Лос-Анджэлес Доджэрс) і Кевін О'Ліры (фундатар з рэаліці-шоу Shark Tank).
Патэнцыйнымі прэтэндэнтамі могуць быць Amazon і Oracle, якая ўжо супрацоўнічае з TikTok і дапамагла аднавіць працу праграмы пасля 14-гадзіннага адключэння.
Акрамя таго, на набыццё амерыканскага бізнэсу сацыяльнай сеткі TikTok прэтэндуе вядомы ютубер MrBeast (сапраўднае імя Джымі Дональдсан). Ён з'яўляецца трэцім у папулярнасці карыстальнікам TikTok.