Украіна нанесла таемныя ўдары па НПЗ у Расеі
10- 23.01.2025, 16:33
- 22,566
Падрабязнасці гэтых атак раней не асвятляліся ў СМІ.
За апошнія тыдні Украіна правяла серыю таемных нападаў на стратэгічна важныя нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) і нафтасховішчы на тэрыторыі Расеі. Інфармацыя пра гэтыя аперацыі была апублікаваная блізкім да расейскага войска і спецслужбаў Тэлеграм-каналам «Дасье Шпіёна».
Падрабязнасці гэтых атак раней не асвятляліся ў СМІ, што падкрэслівае іх значнасць і таемнасць.
У Саратаўскай вобласці двойчы, 8 і 14 студзеня 2025 года, былі атакаваныя аб'екты ФГКУ «Салют» у Энгельсе. «Салют» – гэта нафтасховішча, якое абслугоўвае патрэбы аэрадрома. У выніку нападаў былі пашкоджаныя або знішчаныя 12 рэзервуараў агульнай змяшчальнасцю 60000 кубічных метраў, запоўненыя авіяцыйнай газай.
Акрамя таго, 14 студзеня ў Саратаве быў атакаваны Саратаўскі НПЗ, дзе была пашкоджаная эстакада для перапампоўкі нафты, што прывяло да разліву прадукту.
У Варонежскай вобласці 15 студзеня 2025 года была здзейсненая атака на АТ «Варонежнафтапрадукт» у населеным пункце Старая Пакроўка. У выніку былі пашкоджаныя або знішчаныя 4 рэзервуары агульнай змяшчальнасцю 30000 кубічных метраў, запоўненыя дызельным палівам і бензінам.
У Калужскай вобласці 17 студзеня 2025 года была атакаваная ПАТ «Калуганафтапрадукт» у населеным пункце Людзінава. У выніку атакі былі пашкоджаныя або знішчаныя 4 рэзервуары агульнай змяшчальнасцю 3700 кубічных метраў, запоўненыя дызельным палівам і бензінам.