МЗС Украіны: Лукашэнка дзейнічае насуперак інтарэсам беларускага народа
13- 23.01.2025, 19:21
- 10,392
Дыктатар з'яўляецца хаўруснікам і суўдзельнікам Пуціна ў вайне супраць Украіны.
Украіна салідарная з пазіцыяй дэмакратычных дзяржаваў, якія не прызнаюць так званыя «выбары прэзідэнта» Беларусі, і не бачыць перадумоваў для аднаўлення кантактаў з дзейнай беларускай уладай.
Пра гэта на брыфінгу ў чацвер, 23 студзеня, заявіў прадстаўнік украінскага Міністэрства замежных справаў Георгій Ціхі.
Ціхі зазначыў, што назваць галасаванне ў Беларусі «прэзідэнцкімі выбарамі» няма падставаў, а ягоныя вынікі вядомыя загадзя.
«Для нас відавочна, што Аляксандр Лукашэнка прадоўжыць заставацца хаўруснікам і суўдзельнікам Пуціна ў ягонай вайне супраць Украіны, што адбываецца насуперак інтарэсам беларускага народа», – дадаў ён.
Прадстаўнік МЗС падкрэсліў, што Кіеў не бачыць «ніякіх перадумоваў для аднаўлення кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам, таму пытанне прызнання ягонай легітымнасці пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў для нас не з'яўляецца актуальным».
«Мы таксама салідарныя з пазіцыяй дзяржаваў – чальцоў ЕЗ, ЗША, Канады, Вялікай Брытаніі і іншых дэмакратычных краінаў аб адсутнасці цяпер у Беларусі базавых умоваў для правядзення сумленных і празрыстых выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ», – адзначыў Ціхі.