24 студзеня 2025, Пятніца, 0:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барбадас і Панама пазбавяць свайго сцяга больш за 100 танкераў ценевага флоту Пуціна

4
Барбадас і Панама пазбавяць свайго сцяга больш за 100 танкераў ценевага флоту Пуціна

Краіны далучаюцца да санкцый асноўных заходніх краінаў.

Да санкцый асноўных заходніх краінаў супраць Расеі сталі далучацца невялікія, але ўплывовыя ў свеце марскога суднаходства дзяржавы. Яны маюць намер пазбавіць свайго сцяга дзясяткі танкераў, якія перавозяць расейскую нафту.

Суднавы рэестр Барбадаса паведаміў, што да канца студзеня запатрабуе ад 46 караблёў зняць свой сцяг, бо яны трапілі пад санкцыі Вялікай Брытаніі, паведамляе Bloomberg. Рэестр вядзецца ў Лондане, і, паводле словаў ягонага генеральнага дырэктара Джавані Чынільё, у Барбадасе санкцыі супраць Расеі не дзейнічаюць, але ён прытрымліваецца правілаў Вялікай Брытаніі праз добрыя стасункі паміж дзвюма дзяржавамі. Пры гэтым Барбадас не будзе здымаць свой сцяг з танкераў, якія патрапілі пад санкцыі ЗША, калі яны не знаходзяцца пад санкцыямі Вялікай Брытаніі. Але з 46 караблёў, якія трапілі пад забарону, 14 таксама знаходзяцца пад амерыканскімі абмежаваннямі.

Марская ўправа Панамы нядаўна паведаміла, што пачала выключэнне з карабельнага рэестра 68 караблёў, якія трапілі пад санкцыі ЗША. Такая пастанова была прынятая пасля таго, як у канцы мінулага года Панама прыняла правіла аб прытрымліванні санкцый ЗША, Еўразвязу, Вялікай Брытаніі і ААН. Тады ж яна адняла свой сцяг у чатырох ЗПГ-танкераў, якія належалі сінгапурскім кампаніям і звязаныя з праектам «Арктык ЗПГ 2», супраць якога ўвялі санкцыі ЗША.

Барбадас уважаецца за адну з самых аўтарытэтных дзяржаваў свету, якія прадстаўляюць рэгістрацыю для караблёў. Краіны, якія дазваляюць плаваць пад сваім сцягам, выконваюць ключавую ролю ў гарантаванні стандартаў бяспекі на моры. Праз санкці расейскім караблям усё часцей даводзіцца перарэгістравацца ў аддаленых юрысдыкцыях і мяняць уладальнікаў, каб іх было складана адсачыць.

Паводле марской базы звестак Equasis, некаторыя караблі, выключаныя з рэестра Барбадаса, ужо зарэгістраваліся ў іншых краінах, уключаючы такія афрыканскія дзяржавы, як Танзанія і Сан-Тамэ і Прынсіпі. Хоць большасць, калі не ўсе караблі знаходзяць новыя месцы для рэгістрацыі, патрэба ўвесь час хавацца павялічвае выдаткі, ускладняе лагістыку і пазбаўляе караблі якасных паслуг.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках