24 студзеня 2025, Пятніца, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Педагог-псіхолаг была на працы ў стане алкагольнага ап'янення»

20
«Педагог-псіхолаг была на працы ў стане алкагольнага ап'янення»

У Менскім раёне выхаванка дзіцячай вёскі скончыла жыццё самагубствам.

Увосень 2023-га адна з выхаванак дзіцячай вёскі ў Менскім раёне скончыла жыццё самагубствам. У дзень трагедыі педагог-псіхолаг знаходзілася на працы «ў стане алкагольнага ап'янення». Гэтая інфармацыя вынікае з ліста за подпісам намесніка генпракурора Максіма Вароніна віцэ-прэм'еру Ігару Петрышэнку, паведамляе «Зеркало».

Трагедыя адбылася ў лістападзе 2023-га, дзяўчынцы на той момант было 12-13 гадоў. Мяркуючы па тэксце ліста, жыццё ў яе складалася няпроста. Доўгі час яна жыла з мамай, якая піла і вяла амаральны лад жыцця. З сям'і дачку забралі і змясцілі ў Менскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Выявілася, што там яна пашкоджвала сябе.

- Педагогам-псіхолагам мерапрыемствы па наданні псіхалагічнай дапамогі не выконваліся, дыягнастычныя даследаванні і карэкцыйная праца вяліся нерэгулярна і фармальна, прычыны нанясення самапашкоджанняў не высвятляліся, - адзначыў Максім Варонін і дадаў, што крызісны псіхолаг працу з падлеткам не вёў.

У ліпені 2023-га дзяўчыну змясцілі ў дзіцячую вёску «Вытокі», якая знаходзіцца ў Менскім раёне, і залічылі ў Бараўлянскую СШ №3. Аднак, як піша намеснік генпракурора, сітуацыя ў падлетка не палепшылася.

- Наданне кваліфікаванай псіхолага-педагагічнай дапамогі не забяспечанае, захады па арганізацыі вольнага часу не ўжываліся, - паведаміў Максім Варонін.

У лістападзе 2023-га дзяўчына скончыла жыццё самагубствам - яна засілілася.

- У дзень гібелі непаўналетняй педагог-псіхолаг знаходзілася на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап'янення, - напісаў намеснік генпракурора. - Яна патлумачыла, што ўжывала спіртное ў сувязі з вызваленнем сябра з турмы.

Нагадаем, летам 2024 года Генпракуратура адзначала, што колькасць дзіцячых суіцыдаў расце. У першым паўгоддзі рукі на сябе наклалі 18 дзяцей. Гэта на 50% больш, чым за такі ж перыяд 2023-га. Тады трагедыя здарылася з 12 непаўналетнімі. Таксама ў ведамстве адзначалі, што хлопцы і дзяўчаты сталі раней учыняць самагубствы. Напрыклад, дваім самым малодшым было ўсяго па 10 гадоў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках