24 студзеня 2025, Пятніца, 14:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Еўропа дамагаецца ўвядзення войскаў ЗША ва Украіну

2
Bloomberg: Еўропа дамагаецца ўвядзення войскаў ЗША ва Украіну

У Вашынгтоне могуць падтрымаць гэтую ідэю.

Еўрапейскія чыноўнікі дамагаюцца ад новай адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа абавязацельстваў па ўдзеле ў гарантыях бяспекі для Украіны.

Пра гэта паведамляе Bloomberg.

Са слоў ананімных крыніц выдання, хаўруснікі агулам згодныя з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у тым, што ЗША давядзецца выдзеліць войскі для ўсіх будучых міратворчых сіл у краіне.

Еўрапейскія хаўруснікі Кіева заявілі, што ЗША могуць падтрымаць гэтую ідэю, нягледзячы на першапачатковую стрыманасць Трампа. Аднак яны падкрэслілі, што пакуль яшчэ зарана абмяркоўваць у дэталях, як будуць выглядаць будучыя міратворчыя сілы ва Украіне, паведамілі крыніцы.

Еўрапейцы спрабуюць паўплываць на новую адміністрацыю, бо Трамп рыхтуецца да ўзаемадзеяння з Уладзімірам Пуціным. Прэзідэнт ЗША прыстрашыў узмацніць ціск на расейскую эканоміку, калі Пуцін не пагодзіцца спыніць баявыя дзеянні, хаця той не даў ніякіх прыкмет таго, што гатовы пайсці на якія-небудзь значныя саступкі.

Са слоў высокапастаўленага прадстаўніка еўрапейскага ўрада, калі еўрапейскія хаўруснікі будуць вымушаныя адпраўляць войскі самастойна, гэта можа падарваць давер да гарантый і выклікаць раскол у NATO, бо гэта будзе азначаць фактычны канец трансатлантычнага супрацоўніцтва ў рамках альянсу.

Як адзначае Bloomberg, скептыцызм Трампа ў дачыненні да падтрымкі Украіны, магчыма, памякчэў. Яго каманда прадэманстравала гатоўнасць ЗША засяродзіцца на наданні гарантый бяспекі Украіне, што яны ў прыватным парадку прызнаюць непазбежным, сказаў высокапастаўлены заходні дыпламат, які ўзаемадзейнічаў з камандай прэзідэнта ў гэтым пытанні.

Аднак у абмен на гэтыя абавязацельствы Трамп можа чакаць, што Еўропа возьме на сябе вялікую долю цяжару па забеспячэнні ўсякай патэнцыйнай угоды. Еўрапейцы разумеюць, што ЗША чакаюць ад іх выдзялення асноўнай часткі войскаў, сказаў той жа дыпламат, бо Трамп уважае вайну ва Украіне за еўрапейскую справу.

Іншы высокапастаўлены дыпламат паведаміў, што каманда прэзідэнта таксама дала зразумець, што новая адміністрацыя ЗША не мае намеру наўпрост удзельнічаць у аднаўленні Украіны, бо, на іх думку, гэтым зоймецца прыватны сектар, падкрэсліўшы, што абмеркаванні ўсё яшчэ працягваюцца.

Зяленскі спрабуе заручыцца падтрымкай Трампа ў рамках дыпламатычнага націску на спыненне вайны, якая набліжаецца да чацвёртага года. Прэзідэнт Украіны заявіў Bloomberg News, што ўсякія эфектыўныя міратворчыя сілы павінны ўключаць войскі ЗША, бо адной вайсковай падтрымкі Еўропы будзе недастаткова, каб стрымаць Пуціна.

Праблема гарантый

Еўрапейскія хаўруснікі Украіны ў апошнія тыдні сталі з асцярожным аптымізмам ставіцца да таго, што Трамп не прымусіць Кіеў заўчасна пачаць мірныя перамовы з Расеяй. На гэтым тыдні Трамп прыстрашыў Маскву фінансавымі санкцыямі, калі Пуцін адмовіцца спыніць баявыя дзеянні найбліжэйшым часам.

Чакаецца, што спецпрадстаўнік Трампа па Украіне і Расеі Кіт Келаг наведае Кіеў у найбліжэйшыя тыдні. Ён заявіў, што хацеў бы, каб развязанне было знойдзенае цягам першых 100 дзён адміністрацыі, пасля таго як Трамп адмовіўся ад свайго абяцання выступіць пасярэднікам у пагадненні па спыненні вайны цягам 24 гадзін.

Але ўлічваючы метады Трампа, які змяняе палітыку на хаду, шмат што застаецца нявызначаным. Гэта прымусіла еўрапейскіх хаўруснікаў турбавацца аб маштабе ўсіх будучых вайсковых абавязацельстваў ЗША для падмацавання гэтых гарантый - ці аб тым, ці будуць яны наогул.

Некалькі еўрапейскіх лідараў, у тым ліку прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, разглядалі ідэю адпраўкі еўрапейскіх войскаў для падтрымкі Украіны пасля дасягнення спынення агню. Еўрапейцы вядуць абмеркаванні, каб прапанаваць канкрэтныя развязанні ЗША, сказала крыніца, знаёмая з гэтым пытаннем.

Адзін высокапастаўлены французскі чыноўнік, аднак, выказаў некаторы скептыцызм. Еўрапейцы зразумелі, сказаў гэты чалавек, што яны не змогуць разлічваць на буйны ўдзел ЗША, але павінны будуць падрыхтавацца да таго, што Вашынгтон будзе адыгрываць ролю толькі ў пэўных магчымасцях, не адпраўляючы людзей на месцы.

Гэта можа ўскладніць сітуацыю.

«Каб пазбегнуць аднаўлення вайны, патрэбныя дастаткова надзейныя гарантыі», - заявіў высокапастаўлены прадстаўнік NATO ва Украіне Патрык Тэрнер. «Сяброўства ў NATO - гэта мерка таго, як будзе выглядаць эфектыўная гарантыя», - сказаў ён Bloomberg News у інтэрв'ю ў Кіеве.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках