«Лукашэнка - пятае кола»
38- 24.01.2025, 18:44
- 12,038
Як дыктатар стаў «познім Брэжневым».
У свежым выпуску на канале БРЦ аналітык Сяргей Чалы разважае пра тое, чаму чальцоў урада не палохаюць словы Лукашэнкі.
Сістэма працуе аўтаномна, сцвярджае Чалы. І ў ёй няма ўжо месца таму, хто яе стварыў:
- Лукашэнка ў гэтай сістэме мала таго, што не патрэбны. Гэта сітуацыя, у якой відаць, што ён у ёй - пятае кола. Строга кажучы, можна ўжо абысціся без гэтых стэндапаў і іншага.
У пацвярджэнне гэтай думкі эксперт прыводзіць нядаўняе наведванне Лукашэнкам менскага гарадскога тэхнапарку: «Гэта проста экскурсія для пенсіянера».
Асаблівую ўвагу Чалы звярнуў на словы Лукашэнкі, сказаныя на адной з апошніх нарад з урадам: «Эканомія, эканомія, эканомія». З яго слоў, гэта вельмі важны сімптом, які адсылае нас у эпоху позняга Брэжнева з яго лозунгам «Эканоміка павінна быць эканомнай»:
- Гэта XXVI з'езд КПСС. Потым будзе ўжо Гарбачоў, паскарэнне, потым перабудова. Апошняя, лічы, крызісная пяцігодка. Гэта таксама важная штука.
Эканаміст тлумачыць, што гэта быў лозунг эпохі вычэрпвання эканомікі экстэнсіўнага росту: дзве папярэднія пяцігодкі адзначыліся адкрыццём і распрацоўкай новых радовішчаў газу, якія суправаджаліся «апераджальным ростам капіталаўкладанняў з аддачай».
- Гэта лозунг, пасля якога савецкая эканоміка афіцыйна ўваходзіць у стадыю застою, які з'яўляўся вынікам папярэдніх эканамічных мадэляў развіцця. І, дарэчы кажучы, гарбачоўскі XXVI з'езд зводзіўся да таго, што трэба пераходзіць да інтэнсіўнага развіцця, - нагадвае Чалы.
І прыводзіць яшчэ адну характэрную паралель: у пачатку 80-х савецкія ўлады загаварылі аб неабходнасці пераходу ад колькасці да якасці. Вось вам і пяцігодка якасці.
Акрамя таго, тады ж паўстала пытанне аб лядашчым стане не адной толькі эканомікі - неўзабаве савецкія грамадзяне сталі сведкамі ўражлівай «гонкі на лафетах».
- Гэта знарок не прыдумаеш. Роўна паводле тых жа прычын, роўна ў такой жа сітуацыі, калі экстэнсіўны рост скончыўся, страты на трэнне становяцца ўжо занадта вялікія, з'яўляюцца вось гэтыя ідэі аб тым, што «эканоміка павінна быць эканомнай», - рэзюмуе Сяргей Чалы.