Камісія парламента Арменіі ўхваліла законапраект пра ўступленне ў ЕЗ
13- 24.01.2025, 19:16
- 2,760
Ерэван дыстанцуецца ад РФ.
Камісія парламента Арменіі ў пытаннях еўраінтэграцыі ўхваліла законапраект пра ўступленне краіны ў Еўразвяз. Пра гэта паведамляе агенцтва «Арменпрэс».
Пры гэтым прысутныя на абмеркаванні дэпутаты фракцыі «Аястан» заявілі, што не будуць удзельнічаць у галасаванні. Фракцыя складаецца з 11 дэпутатаў. У парламенце Арменіі 107 чалавек.
Прэс-сакратар спікера Нацыянальнага сходу Маўсес Аруцюнян заявіў, што законапраект унясуць у парадак дня пасяджэння парламента і разгледзяць на сесіі 11–14 лютага. Паводле ягоных словаў, стасункі краіны з Еўразвязам апошнія гады сталі больш інтэнсіўнымі і дынамічнымі. Ён адзначыў, што краіна атрымлівае з боку арганізацыі падтрымку, а таксама размяшчае місіі цывільных наглядальнікаў і гатовая спрыяць эканамічнай устойлівасці краіны.
9 студзеня ўрад Арменіі ўхваліў праект закона пра ўступленне краіны ў Еўразвяз. Прэм'ер-міністр рэспублікі Нікол Пашынян адзначаў, што пастанова пра ўступленне краіны ў ЕЗ павінна быць прынятая шляхам усенароднага рэферэндуму.
Ён неаднаразова крытыкаваў АДКБ за неаказанне дапамогі падчас канфлікту Арменіі і Азербайджана ў Нагорным Карабаху. У лютым 2024 года ён заявіў, што ўдзел краіны ў АДКБ, «у якім дамінуе Масква», замарожаны. 12 сакавіка 2024 года Пашынян паведаміў, што Арменія выйдзе са складу, калі арганізацыя не выканае сваіх абавязальніцтваў.