У Менску ў доме, дзе ў часы СССР жылі знакамітасці, прадаюць перапланаваную кватэру
1- 24.01.2025, 20:15
- 6,338
Як выглядае і колькі каштуе такое жыллё.
У Менску на беразе Свіслачы побач з паркам Горкага ёсць дзевяціпавярховік, які за савецкім часам пабудавалі паводле палепшанага праекту. У ім жылі вядомыя людзі. Цяпер у гэтым доме прадаецца перапланаваная трохпакаёвая кватэра. «Люстэрка» паглядзела, што ёсць усярэдзіне жылля і за колькі яно прадаецца.
У 1969 годзе на вуліцы Янкі Купалы – на беразе Свіслачы і насупраць парку Горкага – быў пабудаваны дом № 7. Жыхарамі гэтага цаглянага дзевяціпавярховага дома сталі знакамітыя людзі, пра якіх сёння можна прачытаць у энцыклапедыях.
«Камсамольская праўда» расказвала, што тут жыў лётчык, двойчы Герой СССР Леанід Бяда, пісьменнік Іван Мележ, зорка эстрады СССР Віктар Вуячыч, народная артыстка СССР Аляксандра Клімава і іншыя.
Сёння ў гэтым доме прадаецца ўсяго толькі адна кватэра – троечка, размешчаная на восьмым паверсе. Агульная плошча жылля складае 79,6 м². Вышыня столяў у кватэры – 3,1 метра.
У кватэры зробленая ўзаконеная перапланіроўка. Цяпер тут два ізаляваныя пакоі, а кухня знаходзіцца ў адзінай прасторы з гасцёўняй. Санвузел сумешчаны, у ім ёсць кутняя ванна і душавая кабіна.
Ёсць дзве прасторныя лоджыі (адна зашклёная) па абодва бакі дома, адкуль адкрываецца добры від на горад.
У кватэры замянілі ўсю праводку і камунікацыі. Адзначаецца, што ў 2015 годзе ў доме правялі капітальны рамонт. Каля яго ёсць зялёны двор, але там таксама даволі месцаў для паркоўкі аўто. Уезд на прыдамавую тэрыторыю рэгулюецца шлагбаумам.
Жыллё прадаецца за 1195670 рублёў, ці 350000 даляраў (15021 рубель, ці 4397 даляраў за кв. м).