У Вялікай Брытаніі і Ірландыі магутны шторм
2- 24.01.2025, 21:18
- 3,422
Больш за мільён дамоў засталіся без электрычнасці.
Магутны шторм «Эявін» ахапіў Ірландыю і частку Вялікай Брытаніі. Больш за мільён жылых дамоў, прамысловых будынкаў і фермаў засталіся без электрычнасці, паведамляе The Guardian. Вядома пра першую ахвяру стыхіі: загінуў ірландзец, на машыну якога ўпала паваленае ветрам дрэва.
Улады Ірландыі, а таксама Паўночнай Ірландыі, якая з'яўляецца часткай Вялікай Брытаніі, рэкамендавалі сваім грамадзянам заставацца дома і назапасіцца прадуктамі першай неабходнасці. Першы міністр Шатландыі Джон Суіні таксама заклікаў шатландцаў захоўваць асцярожнасць. У рэгіёне перастаў працаваць чыгуначны транспарт, аўтамабілістам рэкамендуюць устрымацца ад паездак. 92% школаў Шатландыі зачыніліся.
Праз умовы надвор'я скасаваныя дзясяткі рэйсаў з аэрапортаў Глазга, Эдынбурга, Дубліна і Белфаста.
Парывы ветру дасягаюць 180 кіламетраў за гадзіну. Метэаролагі мяркуюць, што інтэнсіўнасць ветру знізіцца не раней за вечар суботы.