Наталля Радзіна: Я захапляюся беларусамі
43- 27.01.2025, 15:37
- 34,796
Не прыйсці на выбары ў таталітарнай краіне - гэта сапраўдны подзвіг.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна пракаментавала мізэрны прыход на лукашэнкаўскіх «выбарах» 26 студзеня:
- Беларусы масава праігнаравалі выбарчы фарс, арганізаваны рэжымам Лукашэнкі 26 студзеня. Ва ўсіх гарадах краіны выбарчыя ўчасткі былі пустыя. Беларусы прагаласавалі нагамі і не сталі ўдзельнікамі ганебнага мерапрыемства, хаця іх завабліваў туды не толькі дыктатар, але і Ціханоўская са сваім «кабінетам».
Фальшывыя «выбары» ў Беларусі многія экспэрты называлі «савецкімі». Але ўявіце сабе, каб у СССР грамадзяне праігнаравалі «абавязалаўку» і не пайшлі на аздобленыя чырвоным выбарчыя ўчасткі! А рэпрэсіі ў Беларусі сёння больш масавыя і жорсткія, чым у савецкі паслясталінскі перыяд.
У таталітарным Савецкім Саюзе было ў сем разоў менш супрацоўнікаў міліцыі, чым за Лукашэнкам (220 міліцыянтаў на 100 тысяч насельніцтва ў СССР і 1480 на 100 тысяч насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь). Прычым гэта звесткі да 2020 года, зараз розніца, магчыма, у 10 разоў.
Таму я захапляюся мудрасцю, смеласцю і мужнасцю беларусаў, якія 26 студзеня паказалі, што большая частка з іх працягвае выступаць супраць рэжыму Лукашэнкі. Нізкі паклон і бясконцая павага. Мы даможамся свабоды.