NBC News: Еўропа рыхтуецца да «неймавернага» сцэнару ў выпадку вайны з РФ
11- 27.01.2025, 14:07
- 7,262
Літва замінуе памежныя масты і ўсталюе бетонныя загароды.
Ва ўсіх краінах Еўропы прысутнічаюць прыкметы таго, што кантынент рыхтуецца да "неймавернага", піша NBC News.
У Літве рыхтуюцца мінаваць масты, якія вядуць у РФ. Таксама ў суседнім Балтыйскім моры караблі NАТО палююць на "ценявы флот" РФ, які абвінавачваецца ў пераразанні падводных камунікацыйных кабеляў. Акрамя таго, у небе над Еўропай хочуць пабудаваць вялікую сістэму супрацьракетнай абароны, якая будзе падобная да ізраільскага “Жалезнага купала”.
“Еўрапейскія ўрады і грамадзяне занепакоеныя тым, што падбадзёраны Крэмль можа разгарнуць сваё войска пасля Украіны. Таксама шырока распаўсюджаная нервовасць з-за таго, што новы прэзідэнт ЗША - ізаляцыяніст - выказаў меркаванне, што ён можа не абараніць гістарычных супольнікаў Амерыкі з NАТО, калі яны зазнаюць напад з боку Расеі», - адзначаюць у матэрыяле.
У сваю чаргу еўрапейскія чыноўнікі неаднаразова казалі, што Пуцін рыхтуецца да вайны з Захадам. Для многіх гэта ўжо адбываецца, бо чыноўнікі абвінавачваюць Маскву ў атаках "гібрыднай вайны" - ад умяшання ў выбары да спроб збіваць авіялайнеры запальнымі бомбамі.
"Еўрапейцы ставяцца да гэтага вельмі сур'ёзна", - падкрэсліў генерал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Ходжэс, былы камандзір арміяй ЗША ў Еўропе з 2014 да канца 2017 года.
Паводле ягоных слоў, краіны Усходняй Еўропы, якія знаходзяцца бліжэй да мяжы РФ, "ведаюць, што гэта па-сапраўднаму, таму што яны там жывуць". Аднак тыя людзі, якія жывуць у Заходняй Еўропе ці ЗША, гэта значыць далёка ад краіны-агрэсаркі, кажуць: “Ды кіньце, гэтага не адбудзецца”.
“Еўропа павінна быць гатовая да самых экстрэмальных вайсковых непрадказальных сітуацый. Прасцей гаворачы, каб прадухіліць вайну, мы павінны выдаткоўваць больш. Калі мы будзем чакаць даўжэй, гэта будзе каштаваць нам даражэй”, - адзначыў прадстаўнік ЕЗ у электронным лісце для NBC News, калі ў яго спыталі аб тым, ці рыхтуецца кантынент да найгоршага сцэнару вайны з Расеяй.
У той жа час аўтар кнігі “Хто абароніць Еўропу? Абуджаная Расея і сонны кантынент” Кір Джайлз мяркуе, што праблема ў тым, што “краіны, размешчаныя далей, усё яшчэ робяць выгляд, што вайна - гэта тое, што здараецца з іншымі людзьмі”.
“Больш за тое, намаганні яшчэ больш ускладняюцца палітычнай сітуацыяй. Вядучым еўрапейскім партыям кідаюць выклік папулісты, якія часта змешваюць сваю рашучую апазіцыю да іміграцыі з мякчэйшай - а часам нават сяброўскай пазіцыяй у дачыненні да Расеі”, - адзначаюць у выданні.
Таму зараз рэальную праблему бачаць толькі тыя, хто думае, што вайна Расеі супраць Еўропы ўжо пачалася.
"Той, хто не асцерагаецца, проста не звяртае на гэта ўвагі", – падкрэсліў Джайлз.