Сур'ёзны ўдар па эканоміцы Расеі
2- Пятро Аляшчук
- 28.01.2025, 15:55
- 16,218
Санкцыі пачалі дасягаць сваіх мэт.
Міжнародныя санкцыі, накладзеныя на Расею, працягваюць ціск на яе энэргетычны сектар. Апошнія паведамленні аб зніжэнні аб'ёмаў закупаў расейскай нафты Індыяй і Кітаем сведчаць аб тым, што санкцыі пачынаюць дасягаць сваіх мэт. Сітуацыя, якая склалася на фоне пастаноў адміністрацыі Байдэна і нядаўніх заяў новай адміністрацыі Дональда Трампа, патрабуе ўдакладнення ўсіх абставін.
Адміністрацыя Джо Байдэна з 2022 года ўзмацняла санкцыі супраць Расеі, накіраваныя на абмежаванні даходаў ад продажу нафты. Аднак у канцы 2024 года былі ўведзеныя дадатковыя жорсткія захады. ЗША абвясцілі аб новых санкцыях, якія б'юць па расейскай нафтаперапрацоўчай прамысловасці; пад абмежаванні патрапілі, напрыклад, расейскія нафтавыя гіганты «Газпрам нафта» і «Сургутнафтагаз». Таксама былі накладзеныя санкцыі на беспрэцэдэнтную колькасць нафтаналіўных суднаў, многія з якіх з'яўляюцца часткай «ценявога флоту», непразрыстых трэйдараў расейскай нафты, расейскіх пастаўшчыкоў нафтасэрвісных паслуг і расейскіх чыноўнікаў з энэргетычнай сферы. Дзяржаўны дэпартамент таксама ўжыў захады для памяншэння энэргетычных даходаў Расеі, блакуючы два актыўныя праекты па вытворчасці звадкаванага прыроднага газу і вялікі расейскі нафтавы праект.
Акрамя таго, ЗША актыўна супрацоўнічалі з ключавымі імпарцёрамі расейскай нафты, у тым ліку Індыю і Кітай, каб пераканаць іх у неабходнасці дыверсіфікацыі крыніц паставак. ЗША таксама ўвялі абмежаванні на паслугі страхавання і транспартавання танкерамі нафты, калі яна прадаецца коштам, вышэйшым за ўстаноўленую столь. Гэта нанесла ўдар па здольнасці Расеі выкарыстоўваць міжнародны рынак марскіх перавозак.
Вынікі такой палітыкі адчуваюцца ўжо зараз. У канцы студзеня 2025 года стала вядома, што ўлады Кітая і Індыі прыпынілі закуп нафты ў Расеі з пастаўкай у сакавіку праз значны рост выдаткаў на фрахт танкераў, якія не падпалі пад санкцыі Злучаных Штатаў Амерыкі. Паведамляецца, што наём танкера тыпу «Афрамакс» павялічыўся «на некалькі мільёнаў даляраў». Трэйдары адзначаюць падвышэнне прэмій на расейскую марку нафты ESPO, якая падаражэла на 3-5 даляраў у параўнанні з ICE Brent. Пры гэтым некаторыя імпарцёры ў Кітаі і Індыі ўжо адмовіліся прымаць танкеры, якія трапілі пад санкцыі.
Характэрна, што новая адміністрацыя Дональда Трампа, якая ўступіла на пасаду ў студзені 2025 года, пацвердзіла намер працягваць санкцыйны ціск на Расею. Аднак Трамп паставіў дадатковыя ўмовы: зніжэнне кошту расейскай нафты да ўзроўню $45 за барэль павінна стаць асновай для пачатку ўсякіх перамоў з Масквой. Такая палітыка накіраваная на максімальнае паслабленне эканамічнай стабільнасці Расеі.
Трамп таксама заявіў, што ўзмацненне санкцыйнага ціску павінна суправаджацца стратэгічным узаемадзеяннем з ключавымі імпарцёрамі расейскай нафты - Індыяй і Кітаем. Менавіта гэтая дыпламатычная праца магла стаць адным з фактараў, якія тлумачаць скарачэнне іх закупаў. Адначасова з гэтым Трамп заклікаў краіны ОРЕС+, у тым ліку Савудаўскую Арабію, павялічыць здабычу нафты, каб кампенсаваць зніжэнне паставак з Расеі і стабілізаваць рынак. З яго слоў, гэта дапаможа не толькі знізіць кошты нафты, але і ўзмацніць эканамічны націск на Маскву.
Адной са стратэгій Расеі для абыходу санкцый стала стварэнне так званага «ценявога танкернага флоту» - групы суднаў, якія выкарыстоўваліся для транспартавання нафты, не падпарадкоўваючыся міжнародным абмежаванням. Гэты флот, які складаецца са старых суднаў, часта зарэгістраваных у краінах з аслабленым кантролем, стаў інструментам для працягу экспарту.
Аднак санкцыйны ціск ускладніў дзейнасць гэтага флоту. Суровыя захады супраць суднаходных кампаній і страхавых брокераў, якія працуюць з Расеяй, прывялі да скарачэння даступнасці паслуг для ценявога флоту. Паведамляецца, што многія танкеры былі заблакаваныя ў партах, а рызыкі аварый праз дрэнны тэхнічны стан суднаў павялічыліся.
Індыя і Кітай доўгі час заставаліся найбуйнейшымі пакупнікамі расейскай нафты, здабываючы выгаду з яе значных зніжак. Аднак у пачатку 2025 года сітуацыя змянілася. Абмежаванні на страхаванне і транспартаванне ўскладнілі пастаўкі нафты ў Азію. Гэта павялічыла тэрміны дастаўкі і ўзняло транспартныя выдаткі.
Паводле звестак аналітыкаў, за апошнія некалькі тыдняў Індыя скараціла імпарт расейскай нафты на 20%, а Кітай - на 15%. Гэтая інфармацыя была апублікаваная ў справаздачы Міжнароднага энэргетычнага агенцтва (МЭА) і пацверджаная даследаваннямі незалежных аналітычных кампаній, такіх як Kpler. Гэты крок стаў рэакцыяй на ўзмацненне санкцый і абвастрэнне лагістычных праблем, звязаных з дастаўкай нафты з Расеі.
На фоне эканамічных цяжкасцяў Расеі асаблівую ролю адыгралі паспяховыя аперацыі Украіны. Служба бяспекі Украіны (СБУ) у студзені 2025 года правяла некалькі высокадакладных нападаў на ключавыя нафтаперапрацоўчыя заводы Расеі. Гэтыя ўдары, ажыццёўленыя з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, сур'ёзна падарвалі вытворчыя магутнасці і лагістычныя ланцужкі расейскай нафтавай індустрыі.
Паведамляецца, што ўдары прычынілі значную шкоду заводам у Цэнтральнай Расеі і на Урале, што дадаткова пагоршыла крызіс у галіне. Згодна з заявай Службы бяспекі Украіны (СБУ), напады былі праведзеныя з выкарыстаннем высокадакладных сродкаў, а іх вынікі пацверджаныя спадарожнікавымі здымкамі, апублікаванымі ў шэрагу міжнародных аналітычных выданняў, такіх як Bellingcat. Гэтыя аперацыі сталі не толькі ваенным, але і стратэгічным эканамічным поспехам Украіны, бо яны ўзмацнілі ўздзеянне міжнародных санкцый.
Скарачэнне закупаў расейскай нафты Індыяй і Кітаем нанясе сур'ёзны ўдар па эканоміцы Расеі. На фоне абмежавання доступу да заходніх рынкаў гэтыя краіны заставаліся ключавымі пакупнікамі, кампенсуючы страты. Цяпер Расея сутыкаецца з яшчэ большым скарачэннем даходаў ад экспарту.
Ужо зараз аналітыкі прагназуюць дэфіцыт бюджэту ў 2025 годзе, які можа перавысіць 3% ВУП. Таксама растуць праблемы з фінансаваннем вайсковых выдаткаў і сацыяльных абавязацельстваў. Расея будзе змушаная шукаць новыя рынкі, што становіцца ўсё больш складанай задачай ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі.
Зніжэнне закупаў расейскай нафты Індыяй і Кітаем стала важным сігналам прадаўжэння новай Адміністрацыяй ЗША палітыкі папярэднікаў эканамічнага націску на расейскі рэжым. Гэтая тэндэнцыя сведчыць аб росце эканамічных праблем Расеі і аб уплыве міжнароднага ціску на яе хаўруснікаў. Важным элементам гэтага ціску сталі паспяховыя аперацыі Украіны, якія дадаткова аслабілі расейскую нафтавую індустрыю. У найбліжэйшыя месяцы ключавым пытаннем застанецца, ці зможа Расея адаптавацца да новых рэалій або будзе вымушаная пайсці на саступкі ў сваёй замежнай палітыцы.
Пятро Аляшчук, доктар палітычных навук, прафесар КНУ імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org