23 лютага 2025, Нядзеля, 0:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Варта помніць пра нашае супольнае паўстанне 1863 года на Падляшшы»

«Варта помніць пра нашае супольнае паўстанне 1863 года на Падляшшы»
Павел Срэдзіньскі

У Кнышынскай пушчы адбылася экскурсія, прымеркаваная да 162-й гадавіны пачатку Студзеньскага паўстання.

У Кнышынскай пушчы адбылася экскурсія, прымеркаваная да 162-й гадавіны пачатку Студзеньскага паўстання. Экскурсію пад назвай «Па невядомых сцежках студзеньскіх паўстанцаў у Кнышынскай пушчы» па трохкіламетровым маршруце правёў сённяшні «Госць Рацыі» — гісторык і пісьменнік Павел Срэдзіньскі. Краязнаўца адказаў на пытанні Вольгі Сямашкі і паразважаў над тым, для чаго варта вывучаць гісторыю паўстання на Падляшшы і як у гэтай справе змогуць дапамагчы беларусы:

— Спадар Павел, закончылася наша вандроўка па Кнышынскай пушчы. Усе задаволеныя. Якія вашы ўражанні? Для чаго ладзілася такая вандроўка, і якое значэнне яна мае для мясцовых жыхароў?

— Гэта, перш за ўсё, даніна ўдзячнасці і памяці маім продкам, якія, праўда, непасрэдна з гэтага рэгіёна Пушчы не паходзяць, а з паўднёвай часткі, з наваколляў Жыўкова. Але лёсы паўстанцаў у той ці іншай ступені перапляталіся з жыццём усіх сем’яў, якія тут пражывалі. Мы знаходзімся на вельмі цікавым рэгіёне — гэта фактычна памежжа, мяжа Вялікага Княства Літоўскага і Кароны. Мяжа была ў вёсцы далей, дзе знаходзіцца Бярозаўка. Корыцын быў у Вялікім Княстве, а пазней гэта была Гарадзенская губерня, а там ужо Аўгустоўская. Тут адбывалася шмат падзей, у тым ліку і Студзеньскае паўстанне.

Гэта паўстанне было выцягнута з забыцця каля Саколцы і ў Валілах, але ва ўсіх іншых месцах памяць пра яго менш захаваная. Таму мы пастанавілі вярнуць памяць пра гэта паўстанне і тут, у Кнышынскай пушчы, у яе заходняй частцы, арганізаваць такую прагулку, каб ушанаваць паўстанцаў. Я асабіста лічу, што гэта паўстанне найбольш дакладна адлюстроўвала тое, што мы павінны рабіць у гэтай частцы Еўропы, а менавіта быць звязам Літвы, Русі і Польшчы. Вядома, як незалежных і суверэнных дзяржаў, але якія супрацоўнічаюць паміж сабой. На жаль, гісторыя склалася па-іншаму, і сітуацыя на ўсход ад нашай мяжы цяпер далёкая ад добрай. Нават Студзеньскае паўстанне ў Беларусі сёння не тое, пра што можна свабодна расказваць і ганарыцца.

— У Польшчы гэта можна святкаваць свабодна. Ці ўжо адбываліся цікавыя праекты, звязаныя з гэтым паўстаннем?

— Так, шмат рознага адбываецца. Я маю сціплы ўклад у гэтую справу, але заўсёды праводзяцца ўрачыстасці каля Валілаў, Копнай Гуры, дзе ёсць людзі, якія займаюцца гэтай гісторыяй. Там захоўваецца шмат інфармацыі і арганізоўваюцца імпрэзы. Я ж стараўся таксама актывізаваць гэту частку Кнышынскай пушчы і расказаць пра яе. Магчыма, у наступным годзе будзе нешта яшчэ, будзе працяг. Я думаю, што гэта варта рабіць, бо, хоць гэта паўстанне менш вядомае і менш папулярнае ў свядомасці жыхароў Польшчы, пра яго важна гаварыць і нагадваць. Ёсць што расказаць.

— Наколькі лёгка цяпер сабраць гісторыю пра паўстанне сярод мясцовых жыхароў? Як знаходзяцца крыніцы?

— Гэта праца з найстарэйшымі людзьмі, якія штосьці памятаюць. Але цяпер мы ўжо знаходзімся ў прайгранай пазіцыі, бо няма жывых сведак паўстання. Мае дзяды яшчэ мелі кантакт з такімі ўдзельнікамі, якія насілі спецыяльныя мундзіры. У сем’ях захоўвалася памяць, але часта яе забывалі, бо было небяспечна памятаць. Цяпер жа знаходзім толькі рэшткі гісторыі, якія часам цяжка звязаць, але часам гэта ўдаецца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках