З крам Менска знікла Pepsi без цукру
15- 29.01.2025, 9:54
- 4,896
На прадпрыемстве патлумачылі, у чым прычына.
З паліц сталічных крам знікла газвада Pepsi без цукру. На прадпрыемстве, дзе разліваюць напой, заявілі, што гэта часова, піша Tochka.by.
Аб перабоях з газвадой выданню паведамілі чытачы.
«Заўважыў дзіўныя рэчы, якія робяцца ў крамах. Pepsi без цукру знікла з паліц. Калі раней яшчэ можна было знайсці літровую бутэльку, то цяпер праблематычна купіць нават бляшанку 0,33 мл» - распавёў жыхар Бараўлян.
Такой жа праблемай падзяліўся і чытач з Каменнай Горкі. Яшчэ ў снежні мужчына звярнуў увагу, што з паліц крам знікла імпартная дыетычная кола.
«У краме «Хіт» сказалі, што праблема не ў іх, а ў пастаўшчыка. У «Алмі» адказалі тое ж. Ці будзе ў нас наогул Pepsi без цукру?» - пытае чытач.
У Беларусі з ліпеня 2015 года Pepsi робяць на заводзе «Лідскае піва». У кампаніі пракаментавалі сітуацыю.
«Знікненне Pepsi без цукру — з'ява часовая. Сам прадукт нікуды не падзенецца. Прычына ў замінцы вытворчасці і лагістыцы, але хутка ўсё адновіцца. Тым больш што знайсці напой яшчэ можна ў некаторых крамах», - распавялі ў ААТ «Лідскае піва».
Чарговая пастаўка Pepsi без цукру ў гандлёвыя сеткі ажыццявіцца ў канцы наступнага тыдня. У кампаніі запэўнілі, што спажыўцы без прадукту не застануцца.
Уся сыравіна, неабходная для вырабу газвады, - беларуская. Выключэнне - сакрэтны сіроп, які ўвозіцца з-за мяжы. Магчыма, замінкі з ягонымі закупкамі і ўзніклі ў «Лідскага піва», выказала меркаванне Tochka.by.