Няёмкая праўда для лукашыстаў
12- 29.01.2025, 12:06
- 19,290
Пра гэта не любіць успамінаць рэжым.
Якія моманты з гісторыі Другой сусветнай вайны лукашэнкаўская прапаганда не любіць успамінаць? Пра гэта піша «Салiдарнасць».
«Нязручны» 1939-ы
Гэты год для лукашэнкаўскай прапаганды абраны ў якасці аднаго з краевугольных камянёў сённяшняга падабенства дзяржаўнай ідэалогіі. Гаворка, канешне ж, пра 17 верасня, які ўлады назвалі «Днём народнага адзінства».
Пры гэтым прапагандысты ўсіх масцяў не вельмі ахвотна ўспамінаюць аб тым, што папярэднічала гэтай падзеі. І адкрывае гэты спіс сумна вядомы сакрэтны пакт Молатава-Рыбентропа, які дазволіў Сталіну і Гітлеру падзяліць Усходнюю Еўропу, даўшы старт новай сусветнай вайне.
«А як жа Мюнхенская змова? Самі з вусамі», - любяць адказваць на гэта палітрукі. Але з гэтым ніхто і не спрачаецца. Больш за тое, у адрозненне ад крамлёўскіх і лукашэнкаўскіх адбельвальнікаў Сталіна, аб гэтай ганебнай старонцы ў Еўропе не забываюцца і не хаваюцца ад нязручнай праўды.
Вельмі не любяць прапагандысты і любое згадванне аб супольных парадах гітлераўскіх і савецкіх войскаў у гарадах Заходняй Беларусі. Самы вядомы з іх адбыўся ў Берасці, чаму ёсць шмат пацвярджэнняў у фотаархівах.
У гэтым выпадку прапагандай выкарыстоўваюцца як дзіцячыя аргументы ў стылі «вы ўсё хлусіце», так і спробы растлумачыць, што быў гэта зусім не парад, а руцінная працэдура перадачы ўлады. У кожным выпадку, шчаслівыя твары ўдзельнікаў руціны - савецкага камбрыга Крывашэіна і генерала танкавых войскаў Нямеччыны Гудэрыяна - ужо не разгледзець.
Цяперашняя прапаганда любіць абвінавачваць калектыўны Захад у прымяншэнні заслуг сталінскага СССР у разгроме гітлераўскай кааліцыі.
Пры гэтым, тэма амерыканскага ленд-лізу для Савецкага Саюза, які задзейнічаў у кастрычніку 1941-га, відавочна не ўваходзіць у раздзел «папулярнае» ў прапагандысцкіх метадычках. І зноў у ход ідуць контраргументы аб тым, што «мы б і самі далі рады», «ды чым яны нам тады дапамаглі?»,«затое мы кроў пралівалі».
Удзел саюзнікаў у той вайне - асобная тэма. «Прыйшлі на разбор шапак, на ўсё гатовае» - за падобнымі пэрламі хаваецца няёмкая праўда аб кровапралітнай вайне ў Ціхім акіяне, у якой амерыканскія салдаты фактычна звязалі рукі японцам, захаваўшы сотні тысяч, калі не мільёны, жыццяў савецкіх вайскоўцаў.
Не любілі савецкія стукачы ад літаратуры і былыя тылавікі прозу Васіля Быкава, не любяць яе і іх сённяшнія нашчадкі.
А гэта і горкая праўда пра франтавыя будні, мясныя штурмы імя маршала Жукава, і кар'ерыстаў. Гэта і непрывабныя старонкі партызанскага жыцця ў акупаванай Беларусі.
Спіс тэм можна працягваць, бо тая страшная вайна дала шмат падстаў для гэтага. На некаторых момантах мы больш падрабязна спынімся ў наступных артыкулах.