Сірыя паставіла Расеі ультыматум
28- 29.01.2025, 18:03
- 39,376
Дамаск запатрабаваў ад Масквы прызнаць "мінулыя памылкі" і выплаціць кампенсацыю.
Падчас візіту расейскай дэлегацыі ў Дамаск, першага пасля падзення рэжыму Башара Асада, новыя сірыйскія ўлады запатрабавалі ад Масквы прызнаць "мінулыя памылкі" і выплаціць кампенсацыю. Пра гэта гаворыцца ў заяве сірыйскіх уладаў па выніках перамоў, піша “Агенцтва”.
У заяве сірыйскіх уладаў гаворыцца, што падчас перамоў была падкрэслена "роля Расеі ў аднаўленні стасункаў з сірыйскім народам з дапамогай канкрэтных мер, такіх як кампенсацыі і садзейнічанне рэканструкцыі". "Новая адміністрацыя таксама падкрэсліла, што аднаўленне стасункаў павінна ўлічваць мінулыя памылкі", – гаворыцца ў паведамленні.
У дакуменце не ўдакладняецца, якую канкрэтна кампенсацыю Дамаск хоча атрымаць ад Масквы.
Кіраўнік расейскай дэлегацыі намеснік міністра замежных спраў Расеі Міхаіл Багданаў паведаміў, што перамовы з сірыйскім бокам прайшлі "добра". "Але мы разумеем, наколькі складаная сітуацыя", - дадаў ён.
У заяве Сірыі не згадваюцца дзве ключавыя расейскія вайсковыя базы ў Сірыі, якія Крэмль хоча захаваць, звяртае ўвагу Bloomberg. Багданаў паведаміў журналістам, што па гэтым пытанні не было дасягнута прагрэсу і што неабходны далейшыя перамовы.