Выведка Брытаніі паказала наступствы ўдараў па нафтабазе ў Энгельсе
1- 29.01.2025, 15:34
- 5,218
Знішчана чатыры рэзервуары.
Украіна нарасціла свае магчымасці прыцэльна біць па важнай інфраструктуры расейскіх рэгіёнаў. Да такой высновы прыйшлі ў Міністэрстве абароны Вялікабрытаніі.
Як адзначылі ў вайсковай выведцы, 8 студзеня 2025 года ўкраінскія беспілотныя лятальныя апараты нанеслі ўдар па нафтабазе "Крышталь" у Саратаўскай вобласці Расеі, за 8 км ад авіябазы Энгельс-2.
Гэты ўдар выклікаў маштабныя пажары ў зоне захоўвання паліўна-змазачных матэрыялаў, на тушэнне якіх спатрэбілася некалькі дзён.
14 студзеня па нафтабазе «Крышталь» быў нанесены яшчэ адзін удар, што прывяло да паўторнага ўзгарання і нанясення далейшай шкоды інфраструктуры аб'екта.
Выведка паказала спадарожнікавы здымак нафтабазы, датаваны 21 студзеня, на якім, паводле ацэнак, прыкметна 4 знішчаныя цыстэрны з ГЗМ і 10 пашкоджаных рэзервуараў.
«Паўторныя ўдары паказваюць на рост здольнасці Украіны нацэльвацца на расейскую інфраструктуру», - адзначаюць у выведвальным ведамстве.
Нагадаем, нафтабазу аэрадрома Энгельс у Саратаўскай вобласці маглі атакаваць беспілотнікі «Чаклун-В», якія могуць ляцець да 700 кіламетраў з 20 кілаграмамі выбухоўкі.