Расея сутыкнулася са значным падзеннем экспарту збожжа
7- 29.01.2025, 16:07
- 3,746
У 2025 годзе вываз збожжа з краіны за мяжу скароціцца на траціну.
Упершыню за шмат гадоў Расея блізкая да таго, каб страціць пазіцыі лідара на сусветным збожжавым рынку. У 2025 годзе вываз збожжа з краіны за мяжу скароціцца на траціну, прагназуе Расейскі збожжавы звяз - адно з найбуйнейшых профільных аб'яднанняў, куды ўваходзяць амаль 300 сельгасарганізацый, якія забяспечваюць 90% нацыянальнага збожжавага экспарту, піша The Moscow Times.
Паводле ацэнак РЗС, у гэтым годзе аграрыі прададуць за мяжу 48-49 млн. тон збожжа супраць 72 млн. тон летась. Экспарт пшаніцы можа знізіцца да 41-42 млн тон, заявіў на прэс-канферэнцыі прэзідэнт РЗС Аркадзь Злачэўскі. У параўнанні з мінулым годам спад складзе больш за 16 млн тон, ці 28%.
Збожжавы экспарт, які ўваходзіць у топ галоўных крыніц валютнага даходу для эканомікі, а ў 2023 годзе прынёс $15,5 млрд, ужо імкліва падае. Са звестак цэнтра «ПроЗерно», на канец студзеня аб'ёмы скараціліся на 42% год да года, а з пачатку месяца аграрыі вывезлі амаль 2,5 млн тон. Падзенне ў студзені заўсёды было, «але ніколі ўдвая», адзначае Злачэўскі.
Экспарт збожжа скарачаецца следам за ўраджаем, па якім ударылі непагадзь і пастанова ўлад забараніць імпарт насення. За мінулы сельскагаспадарчы год зборы збожжавых упалі на 14%, да 125 млн тон, а зборы пшаніцы - на 16%, да 82 млн. З гэтага аб'ёму амаль 10 млн тон пшаніцы, са слоў Злачэўскага, проста згніла ў сховішчах, паколькі магутнасцяў для яе правільнага захоўвання ў краіне не стае.
У параўнанні з рэкордным 2022 годам аграрыі страцілі пятую частку ўраджаю. І гэта ў тым ліку вынік складанасцяў з доступам да якаснага насення і заходняй тэхнікі, пішуць экспэрты Інстытута развіваных эканомік Банк Фінляндыі (BOFIT). Злачэўскі згодны: улады ўвялі квоты на імпарт насення, але айчынныя аналагі даюць на 20-30% менш ураджаю. Запасы раней увезенага насення вычарпаныя, наракае прэзідэнт РЗС: "Калі ў мінулым сезоне гэты чыннік уплываў на 30–40% ураджаю максімум, то зараз будзе ўплываць на 70%, таму што аб'ём квот проста не дасць больш". У 2025 годзе ўраджай збожжа можа апусціцца да 100 млн. тон, прагназуе супольнасць.
Дадатковым ударам па аграрыях сталі мыты на экспарт збожжа, якія дзейнічаюць з 2021 года, а вынікам дзяржпалітыкі ў сельскай гаспадарцы стане падзенне ўраджаяў «да савецкага ўзроўню, ніжэй няма куды», заявіў Злачэўскі: «Гэта пастка, якія б дзеянні неадэкватныя дзяржава ні рабіла, яна не справіцца з сітуацыяй».