Беларусы застаюцца без зямлі
13- 29.01.2025, 16:29
- 7,760
За дваццаць гадоў плошча землекарыстанняў грамадзян скарацілася ўдвая.
На пачатак 2024 года ў Беларусі налічвалася 2,93 млн зарэгістраваных землекарыстанняў грамадзян. Плошча зямельных надзелаў, якія знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, валоданні і карыстанні грамадзян, складае 689,9 тысячы га зямель. Тады як 20 гадоў таму плошча прыватнай зямлі была на 600 тысяч га большай, пішуць «Белорусы и рынок».
Такія звесткі змяшчаюцца ў Рэестры зямельных рэсурсаў Дзяржкаммаёмасці і апублікаваныя ў апошнім нумары часопіса «Вестник Института экономики НАН».
Найбольшая доля зямель грамадзян знаходзіцца ў пажыццёва спадчынным валоданні – 81%. У прыватнай уласнасці - 10%, у часовым карыстанні - 4, 4%, арандаваных зямель - 4,6%.
Найбольшыя скарачэнні плошчаў зямель адбыліся ў пажыццёва спадчынным валоданні (-326,2 тысячы га) і ў часовым карыстанні грамадзян (-272,2 тысячы га).
Найбольшую ўдзельную вагу ў агульнай плошчы зямель грамадзян займаюць надзелы для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома – 49%, для вядзення падсобнай гаспадаркі – 39%, для садоўніцтва і дачнага будаўніцтва – 6%.
Пры гэтым за перыяд з 2005 года адбылося значнае ўнутранае пераразмеркаванне па тыпах зямель: сельскагаспадарчыя землі скараціліся на 240 тысяч га, а землі пад забудовай павялічыліся на 220 тысяч га.
Плошча зямельных надзелаў для падсобнай гаспадаркі скарацілася ў найбольшай ступені (удвая) і склала 270 тысяч га. Гэта абумоўлена скарачэннем колькасці сельскага насельніцтва і, як следства, памяншэннем памераў надзелаў пры іх пераходзе па спадчыне: калі спадчыннікі, якія пражываюць у вёсцы, могуць атрымаць максімальна 3 га, то гараджане - толькі 0,15-0,25 га.
Плошча зямельных надзелаў, выдзеленых для садоўніцтва і дачнага будаўніцтва, дасягнула ў 1995 годзе свайго гістарычнага максімуму (660,4 тысячы землекарыстальнікаў і 53,4 тысячы га). Пасля гэтага плошчы дачных кааператываў і садоўніцкіх таварыстваў пачалі скарачацца - да 41 тысячы га.