У расейскім Новасібірску здарыўся ацяпляльны калапс
10- 29.01.2025, 16:36
- 6,626
Сотні дамоў без цяпла ў 13-градусны мароз.
У расейскім Новасібірску працягваюцца масавыя адключэнні ацяплення. 29 студзеня праз рамонт сетак без цяпла засталося амаль 350 будынкаў, вынікае са звестак муніцыпальнага партала. Большая частка аб'ектаў размешчаная ў Кастрычніцкім (229) і Кіраўскім раёнах (114). Амаль усе адключэнні – «планавыя» (328). Цяпер у горадзе 13 градусаў марозу, піша The Moscow Times.
У «Сібірскай генеравальнай кампаніі» (СГК) паведамілі, што вядуць аднаўленчыя працы адразу па некалькіх адрасах. На цепласетцы на вуліцах Багаткова, Кашурнікава, Стафата рамонт скончыцца толькі ўначы - а 3:00 30 студзеня. Паводле звестак камунальнікаў, у контуры адключэння знаходзяцца 96 будынкаў, у тым ліку 57 дамоў. Прыкладна тады ж абяцаюць паправіць трубаправод на вуліцы Неміровіча-Данчанкі, дзе цяпла няма ў 53 будынках, уключаючы 11 шматкватэрных дамоў. Жыхарам вуліцы Зорге пашанцавала больш - там працы скончаць да заканчэння дня 29 студзеня. У гэтым раёне адключаныя 73 будынкі, у тым ліку 51 дом. Падачу цяпла на фоне ліквідацыі дэфектаў цепласетак таксама перацялі ў Дзяржынскім, Заельцаўскім, Ленінскім і Цэнтральным раёнах. Там вярнуць цеплыню абяцаюць да 16:00.
Перабоі з ацяпленнем і гарачай вадой у Новасібірску сталі сістэматычнымі. Напярэдадні было адключана 67 будынкаў, у тым ліку 50 шматкватэрных дамоў - пераважна ў Кіраўскім, Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах. Тыдзень таму без цяпла ў сувязі з «прафілактычнымі рамонтамі» засталіся 315 будынкаў, у тым ліку 60 шматкватэрных дамоў у Чыгуначным, Калінінскім і Дзяржынскім раёнах. За дзень да гэтага батарэі астылі амаль у сотні будынкаў горада. Чыннік - неабходнасць ліквідацыі «дэфекту» на трубаправодзе. 14 студзеня без цяпла і гарачай вады праз аварыю на цепласетках застаўся 191 жылы дом у раёне станцыі метро «Залатая Ніва».
Сёлета Новасібірск не атрымаў пашпарт гатоўнасці да ацяпляльнага сезона праз больш чым 50 выяўленых Растэхнаглядам парушэнняў. У пачатку снежня мэрыя абвінаваціла НТСК (уваходзіць у СГК) у невыкананні ўмоў канцэсіі па абнаўленні цепласетак. Паводле звестак уладаў, яна выдаткавала 680 млн рублёў замест 1,5 млрд на рамонт камунікацый, а запланаваныя працы дагэтуль не праведзеныя цалкам. У СГК раней адзначалі, што прычынай шматлікіх аварый з'яўляецца знос труб.