Аляксандр Хара: Трамп мае знішчальныя для РФ інструменты
24- 29.01.2025, 17:01
- 20,468
Яны могуць абрынуць расейскую эканоміку.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадаў стварыць у ЗША сістэму супрацьракетнай абароны, аналагічную ізраільскаму «Жалезнаму купалу». Ці можна тут правесці аналогіі з рэйганаўскай Стратэгічнай абароннай ініцыятывай? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам і палітолагам, дырэктарам Цэнтра абаронных стратэгій Аляксандрам Харам:
- Часткова - можа быць, але варта пачаць з таго, што з часоў Карыбскага крызісу і далей, калі СССР і ЗША падпісвалі дамовы аб абмежаванні ўзбраенняў, выпрабаванняў і гэтак далей, існавала дамоўленасць: каб не было такой гонкі ўзбраенняў, два бакі гатовыя размясціць толькі па адной сістэме супрацьракетнай абароны. Амерыканцы адпаведна гэта зрабілі вакол свайго ядзернага арсенала, а Савецкі Саюз вакол Масквы.
Але трэба ўлічваць, што цяпер Расейская Федэрацыя фактычна разбурыла гэтыя старыя пагадненні, практычна дажывае апошнія дні СНУ (двухбаковая домова паміж ЗША і СССР аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў, - заўв. рэд.), і Расея не праяўляе асаблівага жадання працягваць гэтую дамову. Ну і паколькі РФ парушала дамову аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці і гэтак далей, амерыканцы выйшлі з яе.
Злучаныя Штаты знаходзяцца зараз у новай сітуацыі бяспекі, калі, акрамя Расейскай Федэрацыі з яе стратэгічнымі ўзбраеннямі, накіраванымі на ЗША, з'явіліся таксама Паўночная Карэя, Іран і Кітай, які значна нарошчвае свае ўзбраенні. Таму, зразумела, на гэта неабходна нейкім чынам рэагаваць.
Калі мы гаворым пра Стратэгічную абаронную ініцыятыву часоў халоднай вайны, то яна, фактычна, была свайго кшталту спецаперацыяй, мэтай якой было ўцягнуць Савецкі Саюз у заведама пройгрышнае спаборніцтва. І гэта, уласна, адбылося, бо Савецкі Саюз быў адсталай у эканамічным і тэхналагічным плане дзяржавай і быў няздольны выдзяляць яшчэ дадатковыя грошы на такія праекты.
Таму я б не сказаў, што тут ёсць нейкая наўпроставая паралель, бо пагрозы, перш за ўсё, зараз зыходзяць ад Кітая. Пекін за некалькі гадоў нарасціў колькасць сваіх боегаловак з 200 да 300, і, па-мойму, да 2027-га года яны плануюць давесці гэтую колькасць да 1000, каб дасягнуць парытэту з амерыканцамі. Такім чынам, загад Трампа - гэта адэкватная рэакцыя на сітуацыю, якая змянілася.
Я б сказаў, што правільным падыходам для ЗША было б не толькі ўмацоўваць сістэму супрацьракетнай абароны, але і аслабляць сваіх супраціўнікаў. У выпадку з Расеяй найлепшы спосаб зрабіць гэта - праз падтрымку Украіны, каб РФ выбыла з гэтай гонкі. Тады Вашынгтон мог бы засяродзіцца на Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, дзе галоўнымі выклікамі застаюцца Кітай і Паўночная Карэя.
У Трампа таксама ёсць вялікія планы на Блізкі Усход, якія мяркуюць змену сітуацыі і набліжэнне Савудаўскай Арабіі і іншых дзяржаў да Ізраілю. У гэтым кантэксце можна было б размясціць элементы нацыянальнай сістэмы супрацьракетнай абароны і там. Аднак такія праекты каштавацьмуць трыльёны даляраў, а ўлічваючы замежную пазыку ЗША $34 трлн, жаданне Трампа яе скараціць, застаецца пытанне, наколькі рэалістычныя гэтыя планы.
І, вядома, застаецца пытанне часавых рамак. Калі гаворка ідзе аб перспектыве 5-10 гадоў, гэта, вядома, выдатна, але Кітай выходзіць на 27-ы год ужо гатовым урэгулёўваць свае праблемы з Тайванем, і, адпаведна, можа ўзнікнуць канфлікт, дзе такая сістэма ўжо павінна функцыянаваць. Гэта значыць, груба кажучы, ЗША не ўпісваюцца ў такі графік. Таму тут ёсць мноства фінансавых, тэхналагічных і, натуральна, унутрыамерыканскіх палітычных пытанняў.
- З боку Трампа мы пачулі два інструменты ціску на Расею – кошты нафты і гонка ўзбраенняў. Наколькі гэта эфектыўныя прылады?
- Гэта знішчальныя інструменты. На жаль, пачынаючы яшчэ з часоў Абамы, быў такі падыход, што санкцыі ў дачыненні да Расеі не павінны шкодзіць Злучаным Штатам, другое - хаўруснікам, трэцяе - не павінны прычыняць шкоду простым расейскім грамадзянам, бо гэта толькі Пуцін і яго алігархі дрэнныя, а усе астатнія расейцы добрыя. І апошні пункт - санкцыі павінны быць інструментам ціску, іх паступовае павелічэнне павінна неяк змяніць Пуціна, паўплываць на яго паводзіны.
Зразумелая справа, што гэта правальны і няправільны падыход, але ён фактычна перавандраваў і ў адміністрацыю Байдэна. Там ужо менш звярталі ўвагу на расейскіх грамадзян і спробы змяніць Пуціна, але ўсё адно баяліся рэзкіх крокаў супраць энэргетычнага сектара Расеі. А мы ведаем, што гэта галоўны рэсурс Пуціна, сапраўдная іголка Кашчэя. Яны не спрабавалі наносіць такі ўдар з дзвюх прычын: гэта імавернасць ядзернай эскалацыі і асцярогі, што рост нафтавых коштаў ударыць па амерыканцах.
Мы разумеем, што кожны звычайны амерыканец ацэньвае дзеянні прэзідэнта па такіх пытаннях, як беспрацоўе, кошты бензіну і прадукты. Адпаведна, Байдэн не хацеў гэтага рабіць. І плюс яшчэ ў яго былі надзвычай дрэнныя дачыненні з Савудаўскай Арабіяй у сувязі з забойствам журналіста Хашогі ў Турцыі.
А ў Трампа такога абмежавання няма. Па-мойму, на мінулым тыдні была сустрэча міністраў ОРЕС, і яны там не асабліва ў захапленні ад ідэі павялічыць здабычу. Магчыма, яны проста думаюць, што публічная заява Трампа - гэта адно, а тое, што ён можа ім паабяцаць і даць наўзамен, - гэта іншае. Пакуль што гэтага не адбылося, з імі не было размовы.
Гэта адна гісторыя. Другая гісторыя - «drill, baby, drill», гэта значыць, тое, што Трамп цяпер збіраецца рабіць, - разблакаваць энэргетычныя праекты ў Злучаных Штатах. Гэта можа знізіць кошты для саміх амерыканцаў і плюс дазволіць зарабляць на экспарце. Але нарошчванне здабычы патрабуе часу і інвестыцый. Гэты інструмент вельмі магутны, ён можа абрынуць расейскую эканоміку, але ўсё адно патрабуе часовага лага.
Тым часам, зразумела, Трампу трэба вызначаць, што рабіць з Украінай. Неабходна размарозіць падтрымку, якую яны зараз прыпынілі, перш за ўсё па лініі Дзярждэпа. Затым трэба вызначыцца, якія тыпы ўзбраення і ў якіх аб'ёмах яны гатовыя перадаць, каб Украіна магла вытрымаць і не саступіць у ключавых бітвах, пакуль расейская эканоміка не пачне канкрэтна сыпацца.