Эстонія хоча ўвесці плату за праход па Балтыйскім моры
14- 29.01.2025, 17:27
- 4,304
Як адказ на правакацыі расейскага “ценявога флоту”.
Суднаходным кампаніям, магчыма, давядзецца плаціць збор за выкарыстанне Балтыйскага мора, аднаго з самых загружаных суднаходных маршрутаў у свеце, каб кампенсаваць высокія выдаткі на абарону падводных кабеляў, паведамляе Reuters.
Праз частыя інцыдэнты з пашкоджаннямі суднамі сілавых і камунікацыйных кабеляў, NАТО накіруе баявыя караблі, патрульныя самалёты і беспілотнікі ў Балтыйскае мора. Таксама краіны разглядаюць і іншыя меры для абароны кабеляў, уключаючы ўстаноўку датчыкаў для выяўлення якараў, якія цягнуцца па марскім дне, або будаўніцтва агароджы або сцен вакол кабеляў. Усё гэта будзе мець сваю цану, заявіў міністр абароны Эстоніі Ханна Пеўкур.
Ён дадаў, што незалежна ад таго, ці будуць плаціць за гэта краіны Альянсу або кабельныя аператары, у выніку выдаткі будуць перакладзеныя на спажыўцоў.
Іншы варыянт, са слоў Пеўкура, - спагнанне падатку з суднаў, якія праходзяць праз Балтыйскае мора.
"Дапусцім, калі вы прыязджаеце ў аэрапорт, з вас спаганяецца збор за пасадку, аэрапортавы збор, і ён аплачваецца ў білеце", - сказаў ён.
"Магчыма, аднойчы мы ўбачым, што пры праходжанні праз Дацкія пралівы кампаніям давядзецца заплаціць пэўную суму, паколькі фактычна гэта страхавы збор за пашкоджанне кабеляў".
Пеўкур дадаў, што разглядаюцца розныя варыянты, і краінам давядзецца знайсці агульнае развязанне.
Міністр абароны таксама заявіў, што афіцыйныя расследаванні працягваюцца, аднак серыя інцыдэнтаў паказвае на скаардынаваныя дзеянні караблёў, якія ўваходзяць у "ценявы флот" Расеі.
Са звестак Міжнароднага камітэта ў абароне кабеляў, у свеце штогод пашкоджваецца блізу 150 падводных кабеляў. Тэлекамунікацыйныя кабелі, лініі электраперадач і газавыя трубы на плыткаводдзе Балтыйскага мора лічацца асабліва ўразлівымі з-за вельмі інтэнсіўнага руху: з некаторых ацэнак, штодня па яго паверхні праходзіць да 4000 суднаў.