Малдова не прызнала вынікі «выбараў» у Беларусі
7- 29.01.2025, 20:12
- 4,638
Кішынёў падтрымаў заявы ЕЗ.
Рэспубліка Малдова не прызнае выбары ў Беларусі і падтрымлівае заявы Еўрапейскага Звязу (ЕЗ), паведамляе Міністэрства замежных справаў краіны.
Краіна з'яўляецца кандыдаткай на ўступленне ў ЕЗ і далучаецца да дэкларацый у пытаннях правоў чалавека, палітычнага ўдзелу і доступу грамадзянаў да незалежных сродкаў масавай інфармацыі, грамадзянскай апазіцыі, легітымнасці выбарчых працэсаў у краінах, дзе праводзяцца выбары.
Адзначаецца, што пастанова беларускіх уладаў не запрасіць дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ для назірання за «прэзідэнцкімі выбарамі» ў краіне 26 студзеня выклікае глыбокае шкадаванне і перашкаджае бесстаронняй і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу з боку БДІПЧ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
«Што да вымярэння захавання правоў чалавека ў Беларусі на пляцоўцы АБСЕ, удакладнім, што Рэспубліка Малдова далучылася да дэкларацый аб неабходнасці захавання правоў чалавека ў Беларусі, ініцыяваных групамі дзяржаваў ці ЕЗ. Таксама нашая краіна далучылася да дэкларацыі Венскага механізму аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі (11 ліпеня 2024 года). Кампетэнтныя органы ў выбарчых пытаннях з Рэспублікі Малдова не былі запрошаныя для дэлегавання назіральнікаў на нядаўнія прэзідэнцкія выбары ў Рэспубліцы Беларусь», – падкрэслілі ў Кішынёве.