Браты Джонасы здымуцца ў калядным фільме для Disney
1- 29.01.2025, 21:19
- 2,778
Папулярныя музыкі і акторы з самага дзяцінства мільгаюць на тэлеэкранах.
Амерыканскі поп-рок-гурт у складзе трох братоў Кевіна Джонаса, Джо Джонаса і Ніка Джонаса рыхтуецца зноў вярнуцца на экраны Disney з калядным фільмам, паведамляе The Hollywood Reporter.
Святочная камедыйная карціна атрымала працоўную назву Jonas Brothers Christmas Movie і выйдзе на платформе стрымінгавага сэрвісу Disney+.
Браты, паводле сюжэту, згуляюць саміх сябе. Героі цягам усяго фільма будуць пераадольваць мноства перашкодаў, каб перабрацца з Лондана ў Нью-Ёрк і сустрэць Каляды са сваімі блізкімі.
У гонар будучай прэм'еры стваральнікі выпусцілі і невялікі промаролік. У ім браты паведамляюць пра падрыхтоўку прэм'еры, якая адбудзецца ўжо ў наступны святочны сезон.
Таму зноў убачыць папулярнае трыа на экранах Disney+ гледачы змогуць у канцы 2025 года.
Амерыканскі музычны калектыў з трох братоў Кевіна, Джо і Ніка склаўся ў 2005 годзе і атрымаў назву Jonas Brothers. На сёння іх музычная кар'ера ўключае пяць студыйных альбомаў.
Акрамя таго, разам яны не раз з'яўляліся на тэлеэкранах у якасці актораў, прычым часцей за ўсё ў ролях саміх сябе.
Так, дэбют Jonas Brothers на канале Disney адбыўся ў 2007 годзе, калі яны разам з Майлі Сайрус выканалі ролі ў падлеткавым серыяле «Ханна Мантана».
Акторская кар'ера музыкаў не абышлася і без поўнаметражных фільмаў. Першай працай у поўным метры для іх стала моладзевая карціна з Дэмі Лаваці «Camp Rock: Музычныя вакацыі».